МУС: Ахвярамі педафілаў у першай палове 2019 года сталі 353 дзіцяці
У Беларусі сталі выяўляць больш злачынстваў, учыненых педафіламі, паведаміў журналістам начальнік 2-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Дзмітрый Цаюн пасля канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню барацьбы з гандлем людзьмі.
„За першае паўгоддзе 353 дзіцяці сталі ахвярамі педафілаў. Гэта на 20 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года”, — сказаў Цаюн.
Каментуючы гучны выпадак у Наваполацку, дзе дзве жанчыны аддавалі малалетніх дачок для выкарыстання ў вырабе парнаграфічных матэрыялаў, начальнік упраўлення паведаміў, што ў гэтай крымінальнай справе падазраваным з’яўляецца таксама замежны грамадзянін. Ён затрыманы, плануецца яго экстрадыцыя ў Беларусь. Паводле слоў Цаюна, з 2013 года выяўлены чатыры маці, якія гандлявалі сваімі дзецьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі.
Ён адзначыў, што МУС рыхтуе прапановы аб зменах у Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць прафілактыку педафіліі. На сайце ведамства неаднаразова праводзіліся апытанні грамадскай думкі пра стаўленне грамадзян да гэтых прапаноў. „80—85% апытаных катэгарычна падтрымліваюць гэтыя нашы ініцыятывы”, — падкрэсліў прадстаўнік ведамства.
Цаюн таксама паведаміў, што з 2000 года ў краіне выяўлена больш за 13 тыс. злачынстваў у сферы гандлю людзьмі. Колькасць ахвяр — 5.741 чалавек, у тым ліку 5.103 — ахвяры сексуальнай эксплуатацыі, 635 — працоўнай, у траіх былі забраныя органы і тканкі. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, да 2005 года фіксаваліся сотні злачынстваў у сферы гандлю людзьмі. Пасля ўзмацнення жорсткасці заканадаўства іх колькасць пайшла на спад. „З 2012-га мы фіксуем не больш за восем злачынстваў у год”, — адзначыў Цаюн.