МУС: Экс-памочнік пракурора Яўген Бабак затрыманы ў межах адміністрацыйнага працэсу
Былы памочнік пракурора Яўген Бабак затрыманы 10 чэрвеня „ў межах адміністрацыйнага працэсу”, вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў.
„У сетцы інтэрнэт распаўсюджваецца чарговая неправераная інфармацыя. На гэты раз аб знікненні экс-памочніка пракурора Яўгена Бабака. Грамадзянін не знік, ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў межах адміністрацыйнага працэсу”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Вядома, што затрыманы ў тым ліку актыўна распаўсюджваў інфармацыю з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў. Высвятляюцца іншыя падрабязнасці супрацьпраўнай дзейнасці Бабака”, — адзначае МУС.
Раней сваякі Бабака паведамілі „Нашай Ніве”, што сёння раптам знікла сувязь з ім, што нечакана для чалавека, які сядзіць дома з каронавірусам. Суседзі распавялі, што раніцай да Бабака прыехала група захопу ў бронекамізэльках. Брат Яўгена ўбачыў, што ўзламаныя дзверы, у кватэры разгром, адарваныя нават плінтусы.
Яўген Бабак пакінуў пасаду памочніка пракурора Першамайскага раёна Менска пасля таго, як у пракуратуры праігнаравалі яго прадпісанне аб правядзенні праверкі па факце жорсткага збіцця байкераў людзьмі ў форме супрацоўнікаў ДАІ ў жніўні 2020 года.