МУС хоча засакрэціць міліцыянтаў, якія „сведчаць” у судах



МУС лічыць, што міліцыянтам, якія „сведчаць” у судах, патрэбна дадатковая абарона. Таму прапануе засакрэціць іх асобы.

У Палату прадстаўнікоў з Міністэрства ўнутраных спраў паступіла прапанова ўнесці змены ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб міліцыянты, якія праходзяць сведкамі па адміністрацыйных справах, маглі не называць сваё сапраўднае імя, маглі не прыходзіць у суд і каб працэс наогул праходзіў у закрытым рэжыме.

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па заканадаўству займаецца дапрацоўкай Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП). 14 верасня ў парламент паступіў зварот, падпісаны міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым, дзе адзначаецца, што „пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу часцяком узнікаюць складанасці з абаронай асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, у тым ліку службовых асоб дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць службовую дзейнасць, выкананне якой можа быць спалучана з замахам на бяспеку названых асоб, іх блізкіх альбо разгалашэннем службовай інфармацыі, персанальных дадзеных супрацоўнікаў”.

Караеў асобна звяртае ўвагу на „неабароненасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў падчас разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да асоб, якія ўдзельнічалі ў незаконных масавых мерапрыемствах”. Міністр паказвае, што па такіх справах сведкамі часта выступаюць супрацоўнікі міліцыі.

— Судовыя пасяджэнні пры гэтым з’яўляюцца адкрытымі — дзе прадстаўнікамі дэструктыўных сіл, СМІ і іншымі асобамі ажыццяўляецца аўдыё -, фота -, відэафіксацыя працэсу, — адзначана ў звароце. — Атрыманая інфармацыя з персанальнымі данымі супрацоўнікаў і іх фатаграфіямі ў апошні час нярэдка размяшчаецца ў сеціве Інтэрнэт з заклікамі аказання псіхалагічнага і фізічнага ціску на службовых асоб органаў унутраных спраў і членаў іх сем’яў.

Супрацоўнікі міліцыі сапраўды выступаюць сведкамі па справах аб удзеле ў „несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”. Часцяком гэта адзіныя сведкі, прадстаўленыя ў матэрыялах справы. Такая практыка шмат гадоў крытыкуецца і праваабаронцамі і адвакатамі, аднак з боку дзяржавы ніякіх дзеянняў з гэтай нагоды прынята не было. Больш за тое, часцяком тлумачэнні аднаго сведкі-міліцыянта слова ў слова дублююць словы іншага сведкі-міліцыянта, а падчас апытання ў судзе такія сведкі часта забываюць абставіны здзяйснення правапарушэння і абставіны затрымання. Тым не менш іх тлумачэнні з’яўляюцца асноватворнымі пры вынясенні пастановы па справе.

Цяпер МУС прапануе ўзмацніць абарону такіх сведак. У звароце, накіраваным у парламент, прапануюць унесці ў ПВКаАП палажэнні, якія дазволяць не выдаваць звесткі пра асобу, вызваліць сведку ад яўкі ў суд, праводзіць закрытае пасяджэнне, забараніць выдачу звестак пра сведку.

Як гэта можа выглядаць на практыцы? Пры апытанні такога сведкі ён будзе называць суду выдуманыя прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама неіснуючае месца жыхарства і працы. Сапраўдныя даныя, па прапанове міліцыі, будуць накіраваныя пракурору і павінны захоўвацца па правілах сакрэтнага справаводства. Што тычыцца вызвалення ад яўкі ў суд, то тлумачэнні такіх сведак альбо проста зачытаюць са справы, альбо прайграюць запісанае на відэа апытанне, дзе сведка будзе прадстаўленае ў непазнавальным выглядзе. У выпадку яўкі ў суд засакрэчанага сведкі могуць дапытваць у іншым, бяспечным памяшканні, дзе ўдзельнікі працэсу і слухачы не змогуць яго распазнаць. Такія меры бяспекі могуць быць прыняты пры дастатковым абгрунтаванні, што чалавеку сапраўды нешта пагражае. Суддзя альбо іншая асоба, якая вядзе адміністрацыйны працэс, на працягу сутак прымае рашэнне, ці будуць прыняты меры бяспекі да сведкі, пасля чаго выносіцца матываваная пастанова і паведамляецца ў міліцыю альбо орган дзяржбяспекі і самому сведку.

Міністр унутраных спраў заключае, што такія меры дазволяць абараніць удзельнікаў адміністрацыйнага працэсу (сведак і пацярпелых), на якіх аказваецца ціск у мэтах змяніць іх паказанні.

TUT.BY звярнуўся ў прэс-службу МУС з пытаннем, ці можна канкрэтызаваць, хто і калі спрабаваў уздзейнічаць на супрацоўнікаў міліцыі, калі яны выступалі сведкамі ў судах, паколькі пры асвятленні працэсаў з падобным ні разу не сутыкаліся, аднак пакуль такіх прыкладаў агучана не было.

Адзначым, што падобныя „меры бяспекі” ўжо сёння прымаюцца ў дачыненні да міліцыянтаў-сведак, хоць у ПВКаАП гэты момант не прапісаны. Да прыкладу, па справе шасці затрыманых журналістаў, якіх затрымалі падчас працы, а абвінавацілі ва ўдзеле ў незаконным шэсці, паказанні давалі сведкі з АМАПу пад выдуманымі прозвішчамі — Аляксандр Ляткоўскі і Анатоль Млечка. І хоць адвакаты па кожным з шасці спраў настойвалі, што гэтыя меры не прадугледжаныя ПВКаАП, судом Кастрычніцкага раёна Мінска гэтыя аргументы былі праігнараваныя, паказанні сведак ляглі ў аснову пастановы, па якой журналістаў пакаралі трыма суткамі арышту. Тады „меры бяспекі” былі ўжытыя не толькі ў дачыненні да міліцыянтаў, але таксама мінчука, які назваў сябе ў судзе Алегам Новашам, настойваў, што гэта яго сапраўднае імя, пры гэтым у матэрыялах справы мелася адзнака, што асабістыя звесткі гэтага сведкі таксама змененыя. Суд і ў гэтым выпадку праігнараваў заўвагі адвакатаў.

Што тычыцца вызвалення ад яўкі ў суд, то сёння супрацоўнікі міліцыі часцяком на працэс не прыходзяць, накіроўваючы ў суд пісьмовую заяву ад сябе або свайго начальніка, што просяць разглядаць справу ў іх адсутнасць, бо ў гэты час знаходзяцца на працы, у камандзіроўцы, у адпачынку. І гэта не перашкаджае разгляду спраў, тлумачэнні сведак зачытваюць з пісьмовых матэрыялаў. Больш за тое, у суды паступаюць матэрыялы, дзе і зусім няма апытання сведак, маецца толькі рапарт супрацоўніка міліцыі аб правапарушэнні, пратакол затрымання, пратакол апытання асобы, у дачыненні да якога вядзецца адміністрацыйны працэс, — так у судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалі справу ў дачыненні да брата і сястры, жорстка затрыманых у тралейбусе, суд пастанавіў пакараць іх адміністрацыйным арыштам.

Варта адзначыць, што змяніць ПВКаАП толькі пад міліцыянтаў і толькі пад справы аб масавых мерапрыемствах нельга, і МУС прапануе агульныя фармулёўкі, так што абароненым сведкам або пацярпелым у тэорыі можа стаць любы грамадзянін і па любой адміністрацыйнай справе пры наяўных звестках аб пагрозах у яго бок.

Паводле tut.by