МУС: Кожны трэці забіты – член сям’і злачынца



Штогадовыя выдаткі многіх краін на ліквідацыю наступстваў гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак складаюць да 2,5% ВУП, заявіла 26 лістапада ў Менску на брыфінгу, прысвечаным глабальнай кампаніі „16 дзён актывізму супраць гвалту ў дачыненні да жанчын” кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Іаана Казана- Вішнявецкі.

Паводле яе слоў, наступствы гвалту, сітуацый знаходжання ў канфліктных або пасляканфліктных адносінах — гэта інваліднасць, ВІЧ, псіхічныя адхіленні. „Беларусь узяла на сабе абавязацельства змагацца з гвалтам у адносінах да жанчын і з хатнім гвалтам у прыватнасці, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва. — Краіна істотна прасунулася ў вырашэнні гэтых пытанняў. У апошнія гады пры ўдзеле галіновых міністэрстваў, мясцовых органаў улады і грамадзянскай супольнасці быў створаны шматсектаральны механізму для аказання дапамогі ахвярам хатняга гвалту”.

Казана-Вішнявецкі адзначыла, што фізічны гвалт зведваюць 32% жанчын з сем’яў з нізкімі даходамі і толькі 5% — з сем’яў з высокім прыбыткам.

У рамках мерапрыемстваў па прафілактыцы хатняга гвалту ў Беларусі распрацавана праграма па працы з сямейнымі агрэсарамі-мужчынамі, сказала прадстаўнік ААН. Цяпер у якасці эксперыменту яна рэалізуецца ў Барысаве, Гродне, Кобрыне і Мінску. Актыўна ўкараняюцца інфармацыйныя праграмы на тэму хатняга гвалту, і яны пацвярджаюць, што прагрэс у гэтым пытанні ў краіне ёсць, падкрэсліла дыпламат.

Па словах нацыянальнага эксперта, кандыдата эканамічных навук Анастасіі Бабровай, агульная сума расходаў на прафілактыку процідзеяння хатняму гвалту і аказанне паслуг пацярпелым ў 2016 годзе склала 77,7 млн рублёў (40 млн долараў). Пры гэтым страты ад заўчаснай смяротнасці і часовай непрацаздольнасці склалі 7,1 млн рублёў; выдаткі на ўтрыманне сістэмы аховы здароўя — 60 млн, аховы правапарадку — 5,6 млн; выдаткі на сацабслугоўвання ахвяр — 1,2 млн, прафілактыку — 3,4 млн, выдаткі грамадскіх арганізацый на аказанне дапамогі пацярпелым — 0,4 млн руб.

Паводле звестак МУС, кожны трэці забіты ў Беларусі — член сям’і злачынца. За мінулы перыяд 2018 года пацярпелых у выніку забойстваў і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў прызнаныя 115 жанчын, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Раман Мельнік. З іх 41 жанчына загінула. „У гэтым годзе зарэгістравана звыш 41 тыс. адміністрацыйных правапарушэнняў. І абсалютная большасць пацярпелых ад рук блізкіх пры іх учыненні — гэта жанчыны”, — канстатаваў ён.

З пачатку года выпісана больш за 5,5 тыс. ахоўных прадпісанняў, з якіх 5 тыс. — з патрабаваннем агрэсару часова пакінуць месца сумеснага пражывання.

belapan.by