МУС не хоча тлумачыць забарону фатаграфавання будынкаў
Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася сустракацца з журналістамі наконт забароны фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў. У міліцыі гавораць, што не намераныя абмяркоўваць пытанне з прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці, “бо ўжо далі канчатковы адказ”.
У сярэдзіне лютага стала вядома пра з’яўленне міліцэйскай пастановы, паводле якой сілавікі правяраюць дакументы і могуць нават затрымаць любога грамадзяніна ў Беларусі, што фатаграфуе загсы, бібліятэкі, вакзалы, адміністрацыі і гд.
Каб высветліць законнасць пастановы і пералік “забароненых” будынкаў, з аўтарам дакумента Мікалаем Мельчанкам збіралася сустрэцца старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, аднак атрымала адмову:
– Вельмі сумна, што кіраўнікі ведамстваў і такога ўзроўню цалкам адмаўляюць у магчымасці наладжвання дыялогу, узаемадзеяння. Іншага шляху на дадзены момант у нас няма, як абскарджваць той унутрыведамасны дакумент, які парушае правы не толькі журналістаў, але наогул грамадзян нашай краіны.
Пасля прыняцця дадзенай пастановы міліцыя ўжо некалькі разоў затрымлівала ў Беларусі людзей падчас фатаграфавання.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск