МУС не падтрымаў ініцыятыву па змене ўмоў утрымання ў ІЧУ
МУС не падтрымаў ініцыятыву па змене ўмоў утрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, гэта вынікае з адказу на калектыўны зварот, пад якім было сабрана 364 подпісы. Зварот быў падрыхтаваны сумесна ініцыятывай „Праваабаронцы супраць катаванняў” і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”.
У звароце прапаноўвалася выключыць з пункта 47 Правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту дзясяты абзац, які ўстанаўлівае, што „перадача не прымаецца і вяртаецца наведвальніку ў выпадку адсутнасці дазволу начальніка месца адбыцця адміністрацыйнага арышту на ўручэнне адміністрацыйна арыштаванаму перадачы, што перадаецца асобай, якая не з`яўляецца для адміністрацыйна арыштаванага блізкім сваяком”.
Таксама прапаноўвалася вырашыць пытанне аб штодзённым (без выхадных) прыёме прадуктовых перадач асобам, якiя адбываюць адміністрацыйны арышт; размясціць на сайце УУС аблвыканкамаў інфармацыю пра месцы знаходжання ІЧУ, тэрыторыю, што абслугоўваецца, графікі працы і асабістага прыёму кіраўніцтвам, нумары тэлефонаў, графік і парадак прыёму прадуктовых перадач, спатканні, прадубляваць гэту інфармацыю на інфармацыйных стэндах падведамасных АУС.
У звароце таксама прапаноўвалася заканадаўча замацаваць норму, якая ўсталёўвае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі на супрацоўнікаў жаночага полу.
З адказу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вынікае, што змяненне Правілаў унутранага распарадку магчымае толькі ў выпадку ўнясення змяненняў у ч. 9 арт. 18.7 ПВКоАП, а МУС не з’яўляецца суб`ектам заканадаўчай ініцыятывы.
Высветлілася, што час прыёму перадач вызначаецца начальнікамі ІЧУ самастойна, зыходзячы са спецыфікі службовай дзейнасці канкрэтнага ізалятара (ліміту напаўняльнасці, сярэдняй колькасці адміністрацыйна арыштаваных і інш.). У ІЧУ з вялікім лімітам напаўняльнасці прыём перадач, як правіла, ажыццяўляецца штодня, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. На думку часовага выканаўцы абавязкаў па пасадзе начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргея Аляшкевіча, гэта найбольш аптымальны варыянт арганізацыі працы.
Нягледзячы на тое што асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт, атрымліваюць рахункі для аплаты харчавання падчас знаходжання ў ІЧУ, Аляшкевіч сцвярджае, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл.
Па пытанні аб размяшчэнні інфармацыі аб месцах знаходжання ІЧУ Аляшкевіч паведаміў, што „пераважная большасць ІЧУ размяшчаюцца ў будынку АУС альбо на яго тэрыторыі, г.зн. маюць з АУС аднолькавы адрас месца размяшчэння”. Пры гэтым адзначаецца, што інфармацыя аб адрасах АУС, тэрыторыі, што абслугоўваецца, графіках працы і асабістага прыёму кіраўніцтва, нумарах тэлефонаў размешчана на афіцыйных сайтах ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў. Парадак прыёму прадуктовых перадач, а таксама правядзення спатканняў адміністрацыйна арыштаваных з адвакатамі ці іншымі асобамі, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі, падрабязна рэгламентаваны Правіламі ўнутранага распарадку, гаворыцца ў адказе.
Прапанова аб заканадаўчым замацаванні нормы аб ажыццяўленні нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі супрацоўнікамі належнага полу таксама не знайшла падтрымкі МУС. Нягледзячы на шматлікія скаргі жанчын, арыштаваных у лютым—сакавіку 2017 года, у адказе МУС указана, што ў ІЧУ працуюць супрацоўнікі жаночага полу ў колькасці, дастатковай для арганізацыі бяспекі жанчын.
„Паколькі гаворка ідзе пра ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных, заява аб тым, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, з’яўляецца недакладнай, — пракаментаваў атрыманы з МУС адказ праваабаронца Сяргей Усцінаў. — Акрамя таго, з адказу Аляшкевіча прасочваецца, што магчымасць атрымання перадач адміністрацыйна арыштаванымі напрамую залежыць ад напоўненасці ІЧУ і жадання начальнікаў. Што тычыцца заканадаўчага замацавання нормы, якая ўстанаўлівае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі на супрацоўнікаў жаночага полу, то адказ Аляшкевіча аналагічны шматлікім адказам чыноўнікаў — не прызнаваць праблемы. Такім чынам, можна сцвярджаць, што наша ініцыятыва цалкам адхіляецца Міністэрствам унутраных спраў”.