Суд адмовіў у задавальненні іску ўдзельніцам ініцыятывы „Маці 328” да МУС
Суд адмовіў у задавальненні іску ўдзельніцам ініцыятывы „Маці 328” да Міністэрства ўнутраных спраў. Такое рашэнне агучыў 4 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Менска Аляксандр Длужнеўскі. Ён адзначыў, што суд не ўстанавіў парушэнняў заканадаўства ў дзеяннях МУС па прафілактыцы правапарушэнняў.
Міністэрства ўнутраных спраў не прызнала іск удзельніц ініцыятывы „Маці 328”, заявіў старшы інспектар па асобых справах упраўлення прававога забеспячэння штаба МУС Аляксандр Крывулін і яшчэ адзін прадстаўнік ведамства Станіслаў Шчарбіцкі на пасяджэнні суда Цэнтральнага раёна Менска 4 чэрвеня.
„Іскавая заява не грунтуецца на дзейным заканадаўстве, не аргументаваная і не можа быць задаволеная”, — сказаў Крывулін.
Іскавая заява падпісаная прадстаўнікамі трох сем’яў, непаўналетнія дзеці з якіх былі асуджаныя паводле арт. 328 КК: Вольгай Саўчанковай, Ірынай Шаркоўскай і Юліяй Астроўкай. У ліку іншага ў заяве гаворыцца, што кожнай сям’і „нанесеная непапраўная шкода жыццю і здароўю бяздзейнасцю адказчыка і невыкананнем ускладзеных на яго законам абавязкаў” па прафілактыцы правапарушэнняў. Жанчыны лічаць, што МУС не вяло працу па прафілактыцы злачынстваў у сферы незаконнага гандлю наркотыкамі, у выніку чаго іх дзеці былі ўцягнутыя ў злачынны бізнес. Кожная з жанчын патрабуе кампенсацыі шкоды ў 100 тыс. рублёў.
Крывулін адзначыў, што МУС не прызнае іскавае патрабаванне пра кампенсацыю шкоды здароўю, таму што вядзе прафілактычную працу ў межах сваіх кампетэнцый. Ён пералічыў прававыя акты, якія вызначаюць абавязкі супрацоўнікаў МУС, і расказаў суду пра абавязкі супрацоўнікаў.
Прадстаўнік МУС паведаміў, што ў 2018 годзе ў СМІ было размешчана больш за дзве тысячы матэрыялаў на тэму прафілактыкі наркаманіі, былі заблакаваныя 265 сайтаў, праз якія распаўсюджваліся наркотыкі. „Можна зрабіць выснову, што органы МУС ажыццяўляюць прафілактыку ў поўнай адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі”, — сказаў Крывулін.
Калі суддзя прапанаваў істцам задаваць пытанні прадстаўнікам МУС, Астроўка запыталася, чаму да гэтага часу працуе крама ў інтэрнэце, якую год таму наведваў яе сын і за распаўсюджванне наркатычных сродкаў праз якую быў затрыманы. Крывулін не змог адказаць на гэтае пытанне. Далей Астроўка пацікавілася, чаму на бацькоўскіх сходах не інфармуюць пра тое, што ў Беларусі наркотыкі прадаюцца праз інтэрнэт. Прадстаўнік МУС не змог адказаць. На пытанне, чаму жыхароў Беларусі не папярэджваюць праз СМС-абвяшчэнне пра пагрозу распаўсюджвання наркотыкаў, Крывулін адказаў, што рассыланне абвяшчэнняў не прадугледжанае.
Бацькі таксама задалі пытанне пра тое, якім чынам наркотыкі трапляюць у Беларусь і распаўсюджваюцца сярод дзяцей. „Як у рукі майго дзіцяці трапілі наркотыкі, калі працуе МУС, памежны камітэт, мытны камітэт? Чаму не закрылі сайт, на якім папаўся мой сын? Праз некаторы час на ім купіў наркотыкі сын Юліі Астроўкі”, — спытала Вольга Саўчанкова. Прадстаўнікі МУС не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў заявіў, што МУС выкарыстоўвае дзяцей для паляпшэння выкрывання злачынстваў, паляпшэння паказчыкаў, але не праводзіць прафілактычнай працы. Ён звярнуў увагу на тое, што часцей за ўсё ў беларускіх судах судзяць дробных гандляроў, але не тых, хто займаецца наркабізнесам у буйным маштабе. Таксама, паводле слоў Левінава, няма доказаў таго, што ў пэўную школу на бацькоўскі сход прыходзіў прадстаўнік МУС, але на ім не было некага з істцоў.
Кажучы пра сайты, праз якія распаўсюджваюцца наркотыкі, прадстаўнік БХК сказаў, што „адны закрываюцца, іншыя адкрываюцца”. Дзеці не глядзяць беларускае тэлебачанне, а прафілактычная праца не вядзецца ў сацыяльных сетках, адзначыў Левінаў, выказаўшы меркаванне, што органы МУС павінны былі спыніць злачынствы, а яны іх дапускалі, каб пакараць дзяцей. „З такім стаўленнем МУС да свайго народа, будучыні сваёй краіны мы нічога добрага не пабудуем”, — сказаў праваабаронца.