МУС падазрае Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну ў фінансаванні пратэстаў
Затрыманыя журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна падазраюцца ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці, заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, выступленне якога размешчанае ў youtube-канале МУС.
„Супрацоўнікі падраздзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі падчас працы па ўсталяванні каналаў фінансавання незаконных масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь выйшлі на след двух індывідуальных прадпрымальнікаў — жыхароў горада Менска. 12 студзеня гэтага года яны затрыманыя, — сказаў Казакевіч. — Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых акцыях пратэсту на тэрыторыі горада Менска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”.
Паводле слоў Казакевіча, усе сродкі, выкарыстаныя для гэтых мэт, яны атрымлівалі з-за мяжы. „Частку грашовых сродкаў затрыманыя трацілі на асабістыя патрэбы, а менавіта на арэнду дарагога жылля ў горадзе Мінску, набыццё прадуктаў харчавання і гэтак далей”, — заявіў прадстаўнік МУС.
„Падчас апытання Аляксандраў растлумачыў, што прапанова заняцца такой дзейнасцю паступіла яму ад фонду салідарнасці BYHELP (заснавальнікі — Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык), які аказвае дапамогу так званым пацярпелым падчас правядзення пратэстных акцый грамадзянам, — паведаміў Казакевіч. — Неўзабаве да гэтай дзейнасці далучылася яго сужыцелька. Усяго з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года імі аплачана больш за 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэт былі дадзеныя BYHELP. У найлепшых дэтэктыўных традыцыях грошы перадаваліся з дапамогай закладак на тэрыторыі Менскага раёна. Так, з тайнікоў, знойдзеных па каардынатах геалакацыі, мужчына забраў больш за 100 тысяч долараў ЗША і еўра. Акрамя таго, у камеры захоўвання адной са сталічных крам яму была пакінутая падрыхтаваная для гэтых жа мэт банкаўская картка, пры дапамозе якой ажыццяўляліся безнаяўныя плацяжы, а таксама пераводзіліся ў наяўныя грашовыя сродкі”.
Казакевіч адзначыў, што праведзеныя „вобшукі ў кватэры падазраваных і офісе БелаПАН, адным з кіраўнікоў якога Аляксандраў доўгі час з’яўляўся і дзе да цяперашняга часу здымаў офісныя памяшканні”.
Паводле слоў Казакевіча, выяўленыя і канфіскаваныя 168 квітанцый аб аплаце штрафаў, банкаўскія плацежныя карткі, грошы — больш за 25 тысяч долараў ЗША і еўра і 20 тысяч беларускіх рублёў, пратэстная атрыбутыка, камп’ютарная тэхніка.
„У цяперашні час следчымі ў дачыненні да фігурантаў распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а менавіта навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне такой дзейнасці. Затрыманыя змешчаныя ў ІЧУ, — сказаў Казакевіч. — Акрамя таго, ГУБАЗіК МУС завершаная праверка па аналагічных фактах фінансавання пратэстаў адной з незарэгістраваных грамадскіх арганізацый. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь для давання прававой ацэнкі”.
Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня як падазраваны па справе, распачатай на падставе арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). „Згаданы грамадзянін затрыманы ў сувязі з усталяваннем дачынення да дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і адбыліся на тэрыторыі Мінска”, — паведаміла БелаПАН на наступны дзень афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.
14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014—2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў вобшук. Канфіскаваная частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на вобшук таксама фігураваў арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
З заявамі адносна затрымання Аляксандрава і працягу пераследу беларускіх незалежных СМІ 15 студзеня выступілі пасольства ЗША ў Беларусі і Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ).
„Арышт [журналіста] Андрэя Аляксандрава на гэтым тыдні і ўчарашні рэйд на інфармацыйнае агенцтва БелаПАН у пошуках сумніўных апраўданняў яго арышту з’яўляюцца яшчэ адным сведчаннем таго, што ўлады па-ранейшаму схільныя маніпуляваць законам у сваіх палітычных мэтах, — падкрэсліваецца ў заяве пасольства ЗША. — Мы зноў заклікаем улады Беларусі да абароны і забеспячэння асноўных свабод, у першую чаргу свабоды сходаў, слова і друку. Беларускі народ заслугоўвае лепшай будучыні”.
У сваёй заяве EFJ заклікала АБСЕ, Рада Еўропы і Еўразвяз „умяшацца ў сітуацыю з рэжымам Лукашэнкі, каб забяспечыць неадкладнае вызваленне журналістаў”.