МУС паведаміла колькасць затрыманых падчас нядзельных пратэстаў



29 лістапада па ўсёй Беларусі ў месцы ўтрымання затрыманых за „парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах „змешчаныя 313 чалавек, паведаміла ў тэлеграм-канале афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.

Яна адзначыла, што „па фактах актыўнага супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў, блакавання руху праводзяцца праверкі ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства”.

Чамаданава сцвярджае, што „заклікі шэрагу тэлеграм-каналаў да ўдзелу ў незаконных акцыях не знайшлі падтрымкі насельніцтва і шырокага распаўсюджвання ў рэгіёнах рэспублікі, за выключэннем сталіцы”. „Пратэставая актыўнасць працягвае зніжацца”, — піша прэс-сакратар.

„У розных раёнах Менска пратэстоўцы збіраліся групамі, — гаворыцца ў паведамленні. — Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова папярэджвалі іх пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і захаванне дарожнай бяспекі. У той жа час асобныя грамадзяне ігнаравалі патрабаванні праваахоўнікаў, выходзілі на праезную частку і блакавалі рух транспарту. Некаторыя вялі сябе агрэсіўна, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Найбольш актыўныя парушальнікі грамадскага парадку, якія аказалі супраціў міліцыянерам, затрымліваліся, у тым ліку з прымяненнем спецсродкаў. Па-ранейшаму для ўдзелу ў пратэстах дарослыя залучаюць падлеткаў і выкарыстоўваюць сваіх малалетніх дзяцей як „жывы шчыт”, не задумваючыся пра іх бяспеку”.

Паводле інфармацыі Чамаданавай, парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах „мела месца і ў Менскім раёне”. „Праваахоўнікі працяглы час праводзілі з пратэстоўцамі тлумачальную працу, заклікалі спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Аднак неаднаразовыя законныя патрабаванні грамадзяне працягвалі ігнараваць. У прыватнасці, уставалі ў „счэпку”, груба лаяліся ў адрас супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, аказвалі ім актыўны супраціў, крычалі, пішчалі. У выніку праваахоўнікі былі вымушаныя ўжыць спецсродкі (некалькі папераджальных стрэлаў у паветра святлошумавымі патронамі, слезацечны газ)”, — адзначае прэс-сакратар. Верагодна, гаворка ідзе пра прысталічныя пасёлкі Лясны і Бараўляны.

Чамаданава таксама паведаміла, што за мінулыя суткі зарэгістраваныя два выпадкі непраўдзівай занятасці чыгуначных пуцей: з-за накладання металічнага дроту ў Верхнядзвінскім раёне і пашкоджання кабелю трансфарматара ў Буда-Кашалёўскім раёне. „У абодвух выпадках затрымкі цягнікоў не дапушчана. Па гэтых фактах следчымі органамі распачатыя крымінальныя справы”, — падкрэсліла прэс-сакратар.

Акрамя таго, праводзяцца праверкі па фактах падпалу аўтамабільнай шыны на абочыне аўтадарогі Мінск — Віцебск і крадзяжу ў ноч на 29 лістапада дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь з будынка Лядзішчанскага цэнтра культуры і вольнага часу ў Барысаве.

29 лістапада ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі традыцыйныя нядзельныя акцыі пратэсту. Гэта 16-я нядзеля запар, калі праводзяцца найбольш масавыя вулічныя акцыі. Як і 22 лістапада, пратэст праходзіў у фармаце „маршаў суседзяў” — без адзінага пункту збору, удзельнікі збіраліся і праводзілі шэсці ў сваіх раёнах.

Праваабарончаму цэнтру „Вясна” вядомыя імёны 424 затрыманых па ўсёй краіне падчас учарашніх акцый пратэсту. Так, паводле звестак праваабаронцаў, у Менску былі затрыманыя 354 чалавекі, у Бараўлянах (Менская вобласць) — 14, Гародні — 11, Берасці — 10, Жодзіне (Менская вобласць) — 8, Віцебску і Іўі (Гарадзенская вобласць) — па 6, Дзяржынску (Менская вобласць) — 4, Ляхавічах (Берасцейская вобласць) і Каробчыцах (Гарадзенская вобласць) — па 2, Гатава, Смалявічах, Лясным, Маладзечне (Менская вобласць), Лідзе (Гарадзенская вобласць), Баранавічах (Берасцкая вобласць) і Магілёве — па адным. Частку затрыманых пасля адпусцілі.

У Менску найбольш масавыя акцыі прайшлі ў мікрараёнах Уручча, Паўднёвы Захад, Сухарава, Малінаўка. Групы пратэстоўцаў таксама збіраліся каля станцыі метро „Пушкінская” (на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага), у раёне бальніцы хуткай дапамогі, паблізу жылога комплексу „Маяк Менска”, на праспектах Дзяржынскага і Партызанскім, на вуліцы Маякоўскага, у раёне гандлёвага дома „Рыга” на вул. Сурганава, у мікрараёне Чкалаўскі і іншых месцах горада.\

belapan.by