МУС паведаміла пра прызнанне экстрэмісцкімі яшчэ двух тэлеграм-каналаў



Тэлеграм-каналы „Каратели Беларуси” і „Мая краіна Беларусь” прызнаныя экстрэмісцкімі. Як паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, такое рашэнне 22 сакавіка прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

 

Акрамя гэтага, экстрэмісцкімі прызнаныя чаты гэтых каналаў у „Тэлеграме” („Чат группы Каратели” і „Я выхожу/МБК”).

„У названых супольнасцях публікаваліся заклікі да перашкоды законнай дзейнасці дзяржорганаў, масавых беспарадкаў, блакавання руху аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, актаў вандалізму, пагрозы прымянення гвалту і пашкоджання маёмасці прадстаўнікоў органаў улады, у тым ліку праваахоўнікаў, а таксама абразлівыя каментары, якія распальваюць сацыяльную варожасць паводле палітычных і ідэалагічных матываў”, — напісала Чамаданава.

Яна паведаміла, што затрыманыя восенню мінулага года 35-гадовы інжынер электрасувязі і 24-гадовы спецыяліст па продажы РУП „Белтэлекам” паведамлялі каналу „Каратели Беларуси” даныя міліцыянераў. У дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы і абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

„Нядаўна супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС усталявалі дачыненне фігурантаў да дапамагання ў распальванні сацыяльнай варожасці, — піша Чамаданава. — Паводле аператыўнай інфармацыі, абвінавачаныя не проста хацелі дэананімізаваць праваахоўнікаў. Іх галоўная мэта — садзейнічанне дэструктыўным тэлеграм-каналам у стварэнні ўмоў і падахвочванню да ўжывання гвалту, знішчэння (пашкоджання) маёмасці службовых асоб дзяржорганаў, праваахоўнікаў, журналістаў і грамадскіх дзеячаў, а таксама распаўсюджванні паклёпніцкіх звестак і абвяшчэнні інфармацыі, якую кліенты прадпрыемства жадалі захаваць у таямніцы”.

Па гэтым факце Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

„Асобы, якія спрыяюць распаўсюджванню персанальных звестак аб прадстаўніках органаў улады з мэтай націску на іх у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, будуць устаноўленыя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Прычым не толькі за пагрозу прымянення гвалту, але і за саўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях”, — адзначыла Чамаданава.

belapan.by