МУС: Пошукі Максіма Мархалюка працягваюцца, але шанцаў знайсці яго жывым – няшмат
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў Сяргей Куляшоў, старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС.
– Пошукі хлопчыка можна назваць беспрэцэдэнтнымі. Такой колькасці пашуковых мерапрыемстваў і выкарыстуемых сілаў раней не было. Калі браць тэрытарыяльна, то было абследавана болей 170 кварталаў ляснога масіва. На жаль, ніякіх рэчаў, якія б сведчылі, што хлопчык там быў, нам не ўдалося знайсці. Неабходна адзначыць, што пошук яго працягваецца. Але я далёкі ад той думкі, што мы знойдзем яго жывым.
Нагадаем, у верасні мінулага года ў Свіслацкім раёне прапаў дзесяцігадовы Максім Мархалюк. Як мяркуецца, хлопчык выправіўся па грыбы – вёска стаіць на ўскрайку Белавежскай пушчы. Знікненне Мархалюка выклікала вялікі грамадскі рэзананс – у пошукавай аперацыі былі задзейнічаныя і дабравольныя памочнікі з усёй Беларусі, але – безвынікова.
Беларускае Радыё Рацыя