МУС правярае інфармацыю пра бунт у папраўчай калоніі № 22 пад Івацэвічамі



Міністэрства ўнутраных спраў правярае інфармацыю пра бунт зняволеных у папраўчай калоніі № 22 пад Івацэвічамі, паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Георгій Еўчар. „Пакуль правяраем”, — сказаў ён.

Звесткі аб бунце ў калоніі з’явіліся ўвечары 5 лістапада ў сацыяльнай сетцы „УКантакце”, у пабліку „Беларуская турма”. Аўтары паведамлення адзначаюць, што атрымалі інфармацыю наўпрост з калоніі. Згодна з іх данымі, бунт здарыўся ў ноч на 4 лістапада. Нібыта яго падтрымалі ўсе атрады, „заблакавалі дзверы ў атрадах, некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі атрымалі траўмы, асуджаныя патрабавалі зняць адміністрацыю”. Паведамляецца, што 4 лістапада ў калоніі чакалі начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алега Маткіна, але „ён не прыехаў”, а таксама што „адміністрацыю калоніі часова ўсю замяняе брэсцкае ўпраўленне дэпартамента выканання пакаранняў”.

У калоніі № 22 утрымліваюцца ўпершыню асуджаныя па „наркатычным” артыкуле 328 КК.

belapan.by