МУС прызнала, што бярозаўская міліцыя завысіла расцэнкі
Бярозаўская міліцыя павінна перагледзець дамову аб паслугах на пікет, які адбыўся ў Бярозе 27-га ліпеня. Такі адказ з Міністэрства ўнутраных спраў атрымалі заяўнікі пікету.
Яны павінны правесці пераразлік коштаў з улікам фактычнага часу ажыццяўлення аховы грамадскага парадку, кажа адзін з заяўнікаў пікету праваабаронца Сяржук Русецкі:
— У свой час, калі была заключана дамова на абслугоўванне мы накіроўвалі скаргі і ў абласное упраўленне і ў МУС. Тады яны папросту пераадрасавалі на вобласць. Саму дамову. Міністэрства не абскардзіла, але тое, што неналежным чынам выканана. Даволі нечакана. Паглядзім, што будзе далей.
Бярозаўская міліцыя навязала паслугі пікетоўцам на суму больш за 4 мільёны рублёў, і заключыла дамову з адным з арганізатараў пікета, дзе было сказана:
Згодна раздзелу дамовы “ПРАДМЕТ ДАМОВЫ”:
п. “1.2 Паслугі па ахове грамадскага парадку выконваюцца з 16 гадзін 00 хвілін да 19 гадзінаў 30 хвілінаў 27 ліпеня 2015 года”.
Згодна раздзелу дамовы “ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БАКОЎ” “Выканаўца абавязуецца:
2.1.1 забяспечыць ахову грамадскага парадку непасрэдна ў месцы правядзення мерапрыемства згодна заяўкі “Заказчыка”…”
Згодна раздзелу дамовы “ПРАДМЕТ ДАМОВЫ”
п. “1.3 Месцам (адрас) аказання паслугаў з’яўляецца г. Бяроза, уваход на стадыён мікрараёна Паўночнага гарадка”.
Але ні адзін з гэтых пунктаў не быў выкананы згодна дамовы.
Арганізатары прапанавалі зменшыць кошты да 2 мільёнаў з улікам таго часу, на працягу якога адбывалася ахова правапарадку, аднак начальнік РАУС не пагадзіўся. Гэтую адмову пікетоўцы і абскарджвалі ў розных інстанцыях.
Беларускае Радыё Рацыя