МУС: Расце колькасць беларусаў, якія едуць працаваць за мяжу
Колькасць працоўных мігрантаў, якіх прыцягваюць у Беларусь, скарачаецца, аднак усё больш беларусаў едуць працаваць за мяжу, паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун 18 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Паводле яго слоў, колькасць мігрантаў, якія прыцягваюцца ў краіну, за дзевяць месяцаў 2017 года скарацілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года амаль удвая (з больш як 20 тыс. да 12,3 тыс.).
„Колькасць працоўных мігрантаў зніжаецца з-за цэлага шэрагу прычын, — растлумачыў прадстаўнік МУС. — Гэта не толькі звужэнне рынку працы і скарачэнне прапаноў рынку працы. Цяпер у многіх галінах укараняюцца навукаёмістыя вытворчасці, якія не патрабуюць значнай колькасці замежных грамадзян”.
Другі трэнд — павелічэнне колькасці беларусаў, якія едуць на заробкі за мяжу, падкрэсліў Бягун. „Гэта звязана ў тым ліку з лібералізацыяй рынку працоўных паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Яна становіцца другой па колькасці дзяржавай, куды едуць працаваць беларусы”, — сказаў ён.
На першым месцы застаецца Расея. За дзевяць месяцаў 2017 года ў РФ афіцыйна паехалі працаваць 4.764 беларусы, у Польшчу — 2.102, паведаміў Бягун. На 1 снежня афіцыйна выехалі на працу за мяжу больш за 10 тыс. суайчыннікаў.
Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Зейнала Гаджыева, рэальная сітуацыя з працоўнай міграцыяй беларусаў за мяжу моцна адрозніваецца ад афіцыйнай статыстыкі.
„Статыстыка адзначае толькі тых асоб, якія афіцыйна рэгіструюцца, — сказаў ён. — На справе ў працэсе міграцыі краіне зыходу не так і лёгка зарэгістраваць мігранта. Ён сам павінен быць у гэтым зацікаўлены. Як паказвае практыка, такіх людзей толькі невялікая колькасць. Часцей, каб атрымаць больш дакладную інфармацыю, трэба звяртацца да статыстыкі боку, які прымае, яна бліжэй да рэальнай карціны. Думаю, на справе выязджаюць з Беларусі на заробкі ў дзясяткі разоў больш”.