МУС: Шасці асобам, якія абражалі членаў БРСМ, пагражае крымінальная адказнасць
На дзвюх асоб, якія абражалі членаў БРСМ, накладзены штраф, яшчэ шасці пагражае крымінальная адказнасць, паведаміла прэс-служба МУС.
„Увечары 5 чэрвеня ў адным з тэлеграм-каналаў былі апублікаваныя персанальныя дадзеныя і спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках людзей, якія ўдзельнічалі ў пікеце (за Аляксандра Лукашэнку. — БелаПАН.) каля гандлёвага цэнтра (Dana Mall. — БелаПАН.) у Мінску. У гэты ж дзень праз віртуальныя паведамленні на іх адрас пачалі паступаць абразы. У выніку маладыя людзі напісалі калектыўны зварот у міліцыю”, — адзначаецца ў паведамленні.
Праваахоўнікі правялі праверку па заяве і ўстанавілі асобы „некаторых правапарушальнікаў”. Двух з іх — 30-гадовага ўраджэнца Грузіі (гаворка пра бодзібілдара Шоту Лабжанідзэ) і 23-гадовага мінчаніна — прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за абразу (штраф па 20 базавых велічынь, што складае 540 рублёў). Мужчыны абазвалі адну з заяўніц дзяўчынай лёгкіх паводзінаў.
Яшчэ адна 20-гадовая мінчанка „зрабіла скрыншот акаўнта ўдзельніцы пікета, размясціла яго ў сябе на старонцы ў сацыяльнай сетцы і падпісала абразлівымі словамі”. „Пост стаў публічным, таму на дзяўчыну было вырашана падаць у суд для прыцягнення яе ўжо да крымінальнай адказнасці. Аналагічныя заявы будуць разгледжаны яшчэ ў дачыненні да пяці карыстальнікаў, якія пад публікацыяй пакінулі абразлівыя водгукі”, — адзначаецца ў рэлізе прэс-службы МУС.
Акрамя таго, міліцыя „працягвае ўстанаўліваць асобы астатніх людзей, якія абражалі заяўніцу ў сетцы”. Усяго такіх „каля 50 чалавек”.