МУС шукае каля 1000 чалавек за „экстрэмісцкія злачынствы”
Каля тысячы грамадзян афіцыйна знаходзяцца ў вышуку за „злачынствы”, здзейсненыя ў 2020-м, 2021-м, некаторыя — у 2022 годзе. Пра гэта ў эфіры СТБ паведаміў намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.

Ён дадаў, што ёсць тэрміны даўнасці прыцягнення да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне. Але не скончыліся тэрміны даўнасці прыцягнення да адказнасці за некаторыя віды крымінальных дзеянняў.
„Грамадзянін, які ў чымсьці сумняваецца, можа афіцыйна, у адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы, звярнуцца ў адпаведную камісію з пытаннем: ці ёсць прэтэнзіі ў заканадаўцаў? Зноў-такі, не трэба блытаць гэта з нейкай індульгенцыяй, якую ён можа атрымаць. Гэта не так”, — удакладніў ён.
Паводле Казакевіча, вельмі зручна лічыць, што гэта амністыя.
„Ты вярніся і адкажы за тое, што ты зрабіў. Але пры гэтым заканадаўца дае магчымасці для змякчэння пакарання, для нейкіх рэчаў, якія могуць так ці інакш аблегчыць долю вось такога чалавека”, — растлумачыў ён.
