МУС: Тэлеграм-канал BYPOL прызнаны экстрэмісцкім
Тэлеграм-канал BYPOL прызнаны экстрэмісцкім, паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
„Такое рашэнне было прынятае 22 красавіка судом Чыгуначнага раёна Гомеля. Падстава — матэрыялы праверкі абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК МУС”, — растлумачыла Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.
„Устаноўлена, што ў супольнасці неаднаразова размяшчаліся заклікі да масавых беспарадкаў, публікаваліся паклёпніцкія матэрыялы пра супрацоўнікаў МУС для распальвання сацыяльнай варожасці, а таксама распаўсюджваюцца экстрэмісцкія матэрыялы, уключаныя ў адпаведны рэспубліканскі спіс”, — адзначыла прэс-сакратар МУС.
Паводле яе слоў, вялікая частка інфармацыі ў канале „скіраваная на падрыў аўтарытэту дзейнай улады і яе прадстаўнікоў”.
„Цяпер за публікацыю (рэпост) інфармацыі з названага інтэрнэт-рэсурсу прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне аж да арышту”, — падкрэсліла Чамаданава.
Ініцыятыва BYPOL аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі.
