МУС: Тэлеграм-каналы „Наш дом”, „Наш дом ТБ” і „Ігар Макар / Афіцыйны канал” прызнаныя экстрэмісцкімі



Тэлеграм-каналы „Наш дом”, „Наш дом ТБ” і „Ігар Макар / Афіцыйны канал”, а таксама youtube-каналы „Наш дом ТБ” і „Ігар Макар” прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 18 траўня прыняў суд Цэнтральнага раёна Менска, паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

„Падставай для гэтага сталі матэрыялы ГУБАЗіК МУС, — адзначыла яна. — У сваіх відэароліках і пастах аўтары (адміністратары) заклікалі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах, масавых беспарадках, у тым ліку па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, а таксама да захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам і распальвання сацыяльнай варожасці паміж грамадзянамі Беларусі і прадстаўнікамі дзяржорганаў”.

Акрамя гэтага, паведаміла Чамаданава, у інфармацыйных прадуктах угледжаныя заклікі да дзеянняў па дэстабілізацыі працы Цэнтрвыбаркама, перашкодзе законнай дзейнасці дзяржорганаў, а таксама абразлівыя каментары.

„У ГУБАЗіК адзначылі, што відэаролікі ў названых супольнасцях фармуюць пачуццё непрыязнасці, агіды і нянавісці да прадстаўнікоў дзяржорганаў, а таксама ў іх распаўсюджваюцца недакладныя звесткі, якія выклікаюць недавер да прадстаўнікоў праваахоўных органаў, — дадала прэс-сакратар МУС. — Цяпер за публікацыю (рэпост) інфармацыі з названых інтэрнэт-рэсурсаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць і пакаранне аж да арышту”.

Раней улады прызналі экстрэмісцкімі такія тэлеграм-каналы, як „Нехта”, „Карнікі Беларусі” і „Мая краіна Беларусь”, шэраг рэгіянальных тэлеграм-каналаў і чатаў.

belapan.by