МУС: У Кобрыньскім раёне затрыманы здзейсніў суіцыд у аўтамабілі міліцыі
У Кобрыньскім раёне Берасцейскай вобласці затрыманы здзейсніў суіцыд у міліцэйскім аўтамабілі, паведамляе прэс-служба МУС у сваім телеграм-канале.
Ноччу следча-аператыўная група Кобрыньскага РАУС выбыла па паведамленні пра ўчыненае злачынства ў вёску Стрыгава.
„На месцы разбору паўстаў сямейны скандал. За ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне быў затрыманы і змешчаны ў салон (адсек для затрыманых) службовага аўтамабіля ” ГАЗ” мясцовы жыхар 1986 года нараджэння, які раней неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за аналагічныя правапарушэнні. Мужчына там жа здзейсніў суіцыд”, — гаворыцца ў паведамленні МУС.
Супрацоўнікі міліцыі і брыгада хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць мужчыну не ўдалося.
Па факце здарэння Кобрыньскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка.
Варта адзначыць, што аналагічны выпадак адбыўся ў канцы мінулага года. 29 лістапада ў міліцэйскай машыне ў Нясвіжскім раёне Менскай вобласці знайшлі павешаным 48-гадовага мужчыну. Ён знаходзіўся ў спецыяльна абсталяваным адсеку службовага аўтамабіля „УАЗ „Патрыёт”, дзе яго перавозілі ў аддзяленне за адміністрацыйнае правапарушэнне. Відэакамерай адсек абсталяваны не быў.
Афіцыйны прадстаўнік абласнога УУС тады паведаміў БелаПАН, што па выніках унутранай праверкі ў міліцыі прыйшлі да высновы, што „ёсць канструктыўныя асаблівасці гэтага адсека для перавозкі, на якія варта звярнуць увагу, каб такога не здаралася ў будучыні”. „На падставе гэтага будуць зробленыя высновы і праведзены змены”, — адзначыў ён.
Сваякі знойдзенага павешаным мужчыны не верылі ў суіцыд, аднак па выніках праверкі ў распачынанні крымінальнай справы ім было адмоўлена.
Фота МУС