МУС: У мазырскай анархісткі падчас ператрусу знайшлі два пісталеты
Падчас ператрусу, праведзенага ў рамках крымінальнай справы па арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь (хуліганства), у жыхаркі Мазыра канфіскавалі элементы адзення, літаратуру і іншыя прадметы анархісцкага характару, паведамляе прэс-служба МУСа.
Электрашокер, два газавыя балончыкі, бронекамізэлька, трэніравальны гумовы нож і два пісталеты — такі набор выявілі супрацоўнікі 8-га ўпраўлення (па Гомельскай вобласці) ГУБАЗіК МУС дома ў 22-гадовай жыхаркі Мазыра.
Акрамя таго, па месцы яе жыхарства знайшлі чорна-чырвоны сцяг і бандану, тры маскі з прарэзамі для вачэй, гучнагаварыльнік і 20 брашур, якія прапагандуюць анархізм. На пытанні аб паходжанні гэтых рэчаў дзяўчына адказваць адмовілася. Паводле інфармацыі аператыўнікаў, яна з’яўляецца ўдзельніцай анархісцкага руху.
У цяперашні час зброя накіравана на экспертызу, даследуецца змест друкаванай прадукцыі, канфіскаванай пры вобшуку.