МУС: Учора ў менскіх дварах было затрымана 25 чалавек
Увечары 5 студзеня ў менскіх дварах было затрымана 25 чалавек, паведаміла прэс-служба МУС.
У матэрыяле пад загалоўкам „Пра „беспадстаўныя” затрыманні і пагрозы „мірным прахожым” міністэрства пракаментавала абурэнне грамадзян у сацыяльных сетках затрыманнямі жыхароў у мікрараёнах Уручча і Новая Баравая з пагрозай прымянення зброі і фізічным гвалтам. Згодна са звесткамі валанцёраў, некалькі чалавек былі дастаўленыя з міліцыі ў бальніцы.
„Учора некаторыя тэлеграм-каналы і інтэрнэт-рэсурсы растыражавалі правакацыйныя відэанарэзкі пра нібыта беспадстаўныя затрыманні ў дварах сталічных мікрараёнаў Уручча і Новая Баравая, пагрозы баявой зброяй „мірным прахожым”. Стваральнікі „шакавальных навін” чакана змаўчалі пра падрабязнасці падзей і тое, што ім папярэднічала”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МУС.
Адзначаецца, што ва Уруччы „сабралася група людзей з незарэгістраванай сімволікай і зладзіла ў двары шумны марш”. „Яны „гулялі” пад гучную музыку і крыкі, свяцілі ў вокны дамоў ліхтарыкамі і лазерамі, не забываючы пры гэтым праводзіць дэманстратыўныя фотасесіі для наступнага распаўсюджвання ў інтэрнэце”, — сцвярджаюць у міністэрстве.
Супрацоўнікі міліцыі „аператыўна рэагавалі на паведамленні грамадзян пра вэрхал, што адбываўся ў іх двары, і затрымлівалі найбольш актыўных парушальнікаў грамадскага парадку”.
„Асабліва звярнула на сябе ўвагу відэа ў сетцы з мікрараёна Новая Баравая, на якім дзяўчына спрабуе вырвацца ад супрацоўніка. На жаль, кадраў, якія дэманструюць, што ж гэтаму папярэднічала, для прагляду не прапанавана: кампанія маладых людзей развешвала незарэгістраваную сімволіку. Убачыўшы праваахоўнікаў, кінуліся хто куды. Адзін з супрацоўнікаў, крыкнуўшы: „Міліцыя!”, дагнаў дзяўчыну. Мужчыны, якія знаходзіліся ў гэты час у двары, сталі яго абражаць і паспрабавалі вызваліць затрыманую. У адказ міліцыянер чарговым разам папярэдзіў аб неправамернасці дзеянняў прысутных, затым дастаў траўматычную зброю, адпіхнуў нагой мужчыну, які набліжаўся да яго, каб павялічыць дыстанцыю, і да прыбыцця патрульнай групы кантраляваў сітуацыю”, — паведамляе прэс-служба.
Міністэрства падкрэслівае, што „правядзенне такіх дваровых перформансаў парушае спакой іншых грамадзян і расцэньваецца як арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства з выкарыстаннем незарэгістраванай сімволікі”.
„Міліцыя не ўпершыню рэагуе на зборы ў дварах, у тым ліку на падставе „чаявання”, і шматкроць папярэджвала грамадзян аб недапушчальнасці парушэнняў дзейнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але некаторыя жыхары ігнаруюць папярэджанні і па-ранейшаму працягваюць у іх удзельнічаць”, — наракае МУС.
Сілавікі актывізаваліся пасля заявы генеральнага пракурора Андрэя Шведа, якая прагучала 4 студзеня, аб неабходнасці спынення дваровых акцый.