МУС устанавіла больш за 200 каментатараў гібелі супрацоўніка КДБ
За першыя суткі пасля перастрэлкі ў мінскай кватэры, дзе загінулі супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і праграміст Андрэй Зельцэр, міліцыя выявіла больш за 200 карыстальнікаў сацсетак, якія негатыўна пракаментавалі трагічны інцыдэнт. Пра гэта ў эфіры праграмы «Контуры» на АНТ заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.
«Мы толькі за дзень устанавілі больш за дзве сотні такіх нягоднікаў», — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, МУС запусціла спецыяльны бот, куды можна было паведаміць аб такіх каментарах. Паступіла каля 2000 зваротаў.
Трагедыя на Якубоўскага адбылася 28 верасня. Сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру Андрэя Зельцэра. Ён не адчыніў ім дзверы, а калі іх выламалі, адкрыў агонь. Ад агнястрэльнага ранення загінуў супрацоўнік КДБ. Сам Зельцэр быў забіты ў адказ агнём. Жонка Зельцэра затрыманая. Узбуджаная крымінальная справа. Генпракуратура правяла праверку па факце прымянення зброі супрацоўнікамі КДБ і прызнала іх дзеянні законнымі.