МУС вярнула працяглыя спатканні ў турмах



Міністэрства ўнутраных справаў вярнула наведванні ва ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы. Паводле інфармацыі Дэпартаменту выканання пакаранняў, якую цытуе прэс-сакратарыят МУС, у поўным аб’ёме аднавіліся працяглыя спатканні для вязняў. Таксама асуджаным дадзена права выходзіць у вольны ад працы час з папраўчых устаноў адкрытага тыпу. Акрамя таго, аднаўляюцца наведванні прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і святароў для правядзення выхаваўчых і духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Ранейшыя абмежаванні, згодна з афіцыйнай фармулёўкай, уводзіліся ў мэтах прафілактыкі распаўсюду каронавіруса.

У Беларусі па стане на 30 чэрвеня 526 вязняў маюць статус палітычных зняволеных, гэта значыць, што дзяржава пераследуе іх за палітычныя ці грамадскія погляды. Тысячы людзей, якія прайшлі праз адміністрацыйныя арышты альбо яшчэ ўтрымліваюцца ў ізалятарах і турмах па адміністрацыйных і крымінальных справах, заяўлялі пра катаванні і нечалавечыя ўмовы ўтрымання за кратамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: yandex.by