МУС: З 2012 года колькасць выпадкаў педафіліі ў Беларусі вырасла ў 16 разоў



З 2012 года колькасць выпадкаў педафіліі ў Беларусі вырасла ў 16 разоў, паведамляе галоўнае ўпраўленне МУС па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

На думку праваахоўнікаў, гэта звязана ў першую чаргу з актывізацыяй работы органаў унутраных спраў. Так, з 2012 года ў краіне выяўленыя 1.884 такія злачынствы, з іх 1.109 адносяцца да катэгорый цяжкіх і асабліва цяжкіх.

Дынаміка злачынстваў такая: калі ў 2012 годзе было выяўлена 38 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх, з іх 16 — цяжкія, то летась выявілі ўжо 606 і 383 злачынствы адпаведна. А за першае паўгоддзе бягучага года 457, з іх 266 — цяжкія.

З 2015 года па ініцыятыве МУС у Беларусі ўзмоцненая крымінальная адказнасць за педафілію з 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі. У 2017 годзе МУС ініцыяваная і ў першым паўгоддзі 2018 года працягнутая распрацоўка праграмы комплексных мер у выглядзе дарожнай карты ў сферы супрацьдзеяння злачынствам супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх, абароту дзіцячай парнаграфіі і гандлю дзецьмі.

У выніку быў падрыхтаваны праект дэкрэта „Аб некаторых мерах па абароне дзяцей ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі”. У ім прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў, а таксама змены і дапаўненні ў заканадаўства на прадмет крыміналізацыі „грумінгу” (псіхалагічнай падрыхтоўкі і схілення дзіцяці да сексуальных адносін праз інтэрнэт або іншыя сеткі), а таксама калекцыянавання порнаматэрыялаў з выявай непаўналетніх.

Аднак названы фармат не падтрымалі Генпракуратура і дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі, адзначае МУС. Таму міністэрства прапанавала працягнуць выкананне Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2017—2021 гады і ўдасканальваць крымінальна-прававыя нормы шляхам распрацоўкі законапраектаў і ўнясення дапаўненняў у Крымінальны кодэкс.

Міністэрства ўнутраных спраў таксама заяўляе, што працягне распрацоўку змяненняў у заканадаўства ва ўзаемадзеянні з Генпракуратурай, Следчым камітэтам і Дзяржкамітэтам судовых экспертыз, а таксама дарожнай карты сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі.

belapan.by