МУС: За мінулыя суткі па ўсёй Беларусі затрымана 350 удзельнікаў пратэстных акцый



27 верасня ў Беларусі „зафіксаваныя 22 пратэстныя акцыі”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

„Варта адзначыць, што колькасць іх удзельнікаў значна зменшылася ў параўнанні з папярэднімі выхаднымі. МУС прыняты неабходныя меры па падтрыманні парадку і забеспячэнні грамадскай бяспекі іх правядзення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле дадзеных міністэрства, ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Менска, на пратэст выйшлі ад пяці да 220 чалавек. Колькасць удзельнікаў нядзельнай акцыі ў сталіцы ў паведамленні ведамства не называецца.

„У Магілёве і Гомелі для стрымлівання напору мітынгоўцаў і прадухілення нападу на міліцыянераў давялося ўжыць спецсродкі, а найбольш актыўныя ўдзельнікі былі затрыманыя, — адзначаецца ў паведамленні. — Акрамя таго, за супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў, спалучанае з прымяненнем гвалту, следчымі Гомельшчыны распачатая крымінальная справа”.

У Менску, „каб пазбегнуць надзвычайных здарэнняў, прымаліся меры па абмежаванні руху як асабістага, так і грамадскага транспарту”, а таксама часова закрываліся асобныя станцыі метро, адзначае прэс-служба.

„За мінулыя суткі на лінію 102 сталічнай міліцыі паступіла некалькі сотняў званкоў ад грамадзян са скаргамі на ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і з просьбамі спыніць іх дзеянні”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Як паведамляе ведамства, усяго за мінулыя суткі па краіне „затрымана звыш 350 чалавек да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях”.

„На жаль, ігнаруючы заклікі выконваць заканадаўства, многія ўдзельнікі выходзілі на праезную частку, тым самым блакуючы транспарт і ставячы ў небяспеку не толькі сябе, але і іншых удзельнікаў дарожнага руху”, — адзначаецца ў паведамленні.

Як раней паведамляў БелаПАН, 27 верасня па ўсёй Беларусі прайшоў марш прыхільнікаў перамен „Народная інаўгурацыя”. Самай масавай стала дэманстрацыя ў Мінску, якая сабрала, паводле падлікаў журналістаў і назіральнікаў, ад 70 да 100 тысяч удзельнікаў. Шэсце па цэнтры сталіцы працягвалася больш за чатыры гадзіны.

Марш „Народная інаўгурацыя” прайшоў таксама ў Берасці, Віцебску, Гомелі, Гародні, Магілёве, Салігорску (Менская вобласць), Бабруйску (Магілёўская вобласць), Жодзіне (Менская вобласць), Лідзе (Гарадзенская вобласць), Кобрыні (Берасцейская вобласць), Баранавічах (Берасцейская вобласць), Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць), Жабінцы (Берасцейская вобласць), Наваполацку (Віцебская вобласць). У Гомелі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў сілавікі ўжылі газ і стралялі ў паветра.

Гэта быў ужо сёмы нядзельны марш прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванне мірных дэманстрантаў і катаванні над імі.

belapan.by