У Беларусі больш за 3 тысячы актыўных прыхільнікаў нацызму і неанацызму



Міністэрства ўнутраных спраў зафіксавала ў Беларусі больш за тры тысячы „актыўных прыхільнікаў нацызму і неанацызму”, заявіў 6 снежня на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. Ён падкрэсліў, што пры гэтым трэба ўлічваць „пэўную латэнтнасць”, але „задакументавана” была менавіта такая колькасць чалавек. „Для Беларусі гэта вельмі шмат”, — дадаў Шуневіч.

Паводле яго слоў, прыхільнікамі неанацызму ў пераважнай большасці з’яўляюцца людзі да 40 гадоў, „маргінальнага складу, нежанатыя, бяздзетныя, непрацаўладкаваныя, часам злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі”. „Як правіла, яны вылучаюцца павышанай агрэсіўнасцю і жорсткасцю”, — сказаў міністр унутраных спраў.

Многія з гэтых людзей зведалі адміністрацыйную і крымінальную адказнасць, частка з іх цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, паведаміў ён. „Многія з іх — гэта былыя ці дзейныя фанаты футбольных клубаў, так званыя скінхэды. Яны прытрымліваюцца ідэалогіі нацысцкай Германіі, выступаюць за перавагу белай нацыі і расы. Асабліва яны пакланяюцца часцям вермахта, якія былі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адрозніваліся асаблівай жорсткасцю. Яны колюць сабе масці гэтых часцей і гэтак далей”, — расказаў Шуневіч.

БелаПАН