МУС запрашае беларусаў вярнуцца і адсядзець
Начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун пракаментаваў новыя палажэнні Закона аб грамадзянстве.

Паводле новаўвядзенняў, грамадзяне Беларусі, асуджаныя за “экстрэмісцкую” дзейнасць, могуць вярнуцца ў краіну і адбыць прызначаны тэрмін пакарання, каб не страціць грамадзянства.
Абноўлены закон аб грамадзянстве ўступае ў сілу з 11 ліпеня. Аляксей Бягун распавёў, пры якіх умовах улады змогуць пазбаўляць грамадзянства беларусаў, асуджаных за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці ці прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Паводле чыноўніка, па-першае павінен быць прысуд, які ўступіў у законную сілу, а па-другое, прысуджаная асоба павінна ўхіляцца ад выканання прысуду і знаходзіцца за межамі Беларусі. Каб не страціць грамадзянства, можна вярнуцца і выканаць рашэнне суда – дадаў Бягун.
Беларускае Радыё Рацыя
