МУС зноў адмовіла Танкачовай скараціць тэрмін забароны на ўезд
Праваабаронца Алена Танкачова зноў атрымала адмову з Міністэрства ўнутраных спраў на яе просьбу скараціць тэрмін забароны на ўезд у Беларусь.
У 2015 годзе па рашэнні суда яна на тры гады пакінула Менск. Увесь гэты час Танкачова вымушаная знаходзіцца ў Літве.
Нагадаем, фармальнай прычынай для яе высылкі стала тое, што на працягу года яна пяць разоў учыніла правапарушэнні. Гаворка ідзе пра нязначнае перавышэнне хуткасці (да 20 км/гадз), але праваахоўнікі матывавалі свае дзеянні інтарэсамі „грамадскага парадку”.
Пры гэтым перавышэнне хуткасці руху не разглядаецца беларускім заканадаўствам як пагроза грамадскаму парадку. Акрамя таго, у справе маюцца кадры, на якіх выяўлены толькі задні нумар аўтамабіля, таму немагчыма сцвярджаць, што ва ўсіх выпадках фіксацыі за рулём была менавіта праваабаронца.
Танкачова, будучы грамадзянкай Расейскай Федэрацыі, больш за 20 гадоў пастаянна пражывала ў Беларусі. І сур’ёзных праблем з законам не мела. Менавіта таму юрысты, якія аналізавалі яе справу, кажуць пра тое, што ў гэтым выпадку высылка з’яўляецца празмерным умяшаннем у асабістае і сямейнае жыццё з улікам малазначнасці правапарушэння.
На думку самой праваабаронцы і яе калегаў, сапраўднай прычынай высылкі стала яе прафесійная дзейнасць. З 1996 года Алена займаецца абаронай правоў чалавека, яна ўзначальвала „Цэнтр прававой трансфармацыі”.
Праваабаронца пакінула Беларусь у лютым 2015 года. Яна разлічвала, што ўлады перагледзяць сваё рашэнне і скароцяць тэрмін забароны на ўезд у краіну. З падобнай просьбай яна звярталася ў МУС і ў пачатку 2016 года, аднак і тады, і цяпер праваахоўнікі не знайшлі для гэтага падстаў.
„Нарматыўныя прававыя акты даюць Міністэрству ўнутраных спраў права, а не абавязваюць скараціць тэрмін забароны ўезду замежнага грамадзяніна ў Рэспубліку Беларусь. Гэтыя нормы носяць альтэрнатыўны характар”, — адзначана ў адказе, які атрымала Танкачова.
У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі каментаваць сітуацыю адмовіліся, прэс-служба МУС па тэлефоне недаступная.
„Мне вядома, што некаторыя грамадзяне, якіх выслалі з Беларусі ў той жа час, што і мяне, ужо атрымалі паведамлення аб тым, што тэрмін забароны скарочаны, — заявіла праваабаронца. — І гэта пры тым, што гэтыя грамадзяне мелі крымінальнае мінулае, а таксама шэраг парушэнняў па ўездзе ў краіну. Гэта сведчыць аб тым, што мая высылка мае палітычны характар”.
Яна таксама звяртае ўвагу, што пытанне аб яе высылцы знаходзіцца ў пераліку закрытага дыялогу Беларусі з ЕЗ. Але пакуль улады не спяшаюцца яго зняць з парадку.
„Хачу звярнуць увагу на пазітыўны момант, — кажа Танкачова. — На днях я была абраная старшынёй рабочай групы па правах чалавека ў рамках Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці. Гэта сведчыць пра высокі давер да мяне з боку грамадзянскай супольнасці, а таксама пра салідарнасць сярод калегаў. Я працягваю працу, нягледзячы на забарону знаходзіцца ў Беларусі”.