МУС: Звыш 1.400 іншаземцаў парушылі заканадаўства



 Звыш 1.400 іншаземцаў прыцягнутыя ў Беларусі да адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства падчас чарговага аператыўна-прафілактычнага мерапрыемства „Нелегал”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

У сярэдзіне верасня супрацоўнікі міліцыі, дзяржаўнай бяспекі і пагранічнай службы дадаткова пракантралявалі легальнасць знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Праваахоўнікі правяралі традыцыйныя месцы верагоднага знаходжання мігрантаў: гандлёва-забаўляльныя комплексы, забаўляльныя ўстановы, аб’екты прыдарожнага сэрвісу, рынкі.

Як расказаў першы намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Віталь Навумчык, за розныя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя грамадзяне Кітая, Расеі, Туркменістана, Узбекістана, Украіны і іншых краін.

„Прэтэнзіі да 1.405 замежнікаў паўсталі з прычыны парушэння імі парадку ўезду, выезду і знаходжання ў нашай краіне. Больш за 550 прадстаўнікоў іншых дзяржаў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за несапраўдны від на жыхарства альбо адсутнасць рэгістрацыі па месцы знаходжання. Затрыманыя чатыры асобы, якія знаходзіліся ў міжнародным вышуку. За межы дзяржаў — членаў АДКБ выправаджана 87 іншаземцаў. Таксама распачата 14 крымінальных спраў за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў нашу краіну”, — адзначыў Навумчык.

Як адзначаюць у МУС, асаблівая ўвага на дадзеным этапе „Нелегала” надавалася выяўленню асоб, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў. За такія злачынствы ў дачыненні да замежнікаў распачата шэсць крымінальных спраў.

Падчас правядзення спецмерапрыемства супрацоўнікі органаў унутраных спраў правяралі законнасць выкарыстання замежнай працоўнай сілы прыватнымі і дзяржаўнымі суб’ектамі гаспадарання. У выніку 177 замежнікаў, у тым ліку 19 службовых асоб, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ўстаноўленага парадку ажыццяўлення працоўнай дзейнасці.

belapan.by