Музей быту ў Гародні зноў даступны для наведнікаў



Дастаткова працяглы час вакол гэтага прыватнага музея, створанага Янушам Парулісам, ішлі працы па замене цеплатрасы, што істотна ўскладняла яго працу.

Гаспадар запрашае ўсіх ахвотных і гатовы кожнаму цікава апавесці пра свае экспанаты, якія пакуль да канца нават не пералічаныя:

– Была такая Ляшчонак – галоўны захавальнік Музей рэлігіі. Яна зараз на пенсіі, у мяне тут працуе. Апісала 10 з паловай тысяч. Ну, у мяне 100 тысяч, як яна сказала. Нават больш за 100. Насамрэч вельмі шмат. Гэта толькі частка таго, што вы бачыце. У мяне шмат памяшканняў.

Як і раней, Музей быту Януша Паруліса, які месціцца па вуліцы Лермантава 25, патрабуе дапамогі – як валанцёрскай, так і фінансавай. Але галоўная праблема – гэта нястача плошчаў для музейных экспанатаў:

– Я кажу: дайце мне дазвол зрабіць капітальны рамонт і я ўвесь гэты дом пушчу пад музей. Нельга! Ну гэта ж смешна, праўда? Тады я пытаюся, як бы гэта выкупіць. Два гады таму яны мне назвалі 120 тысяч даляраў. Гэта ж што, мне ўсё прадаць? Я назбіраў бы гэтыя грошы, прадаў бы ўсё. Але што я тады б людзям паказваў? Навошта ўсё жыццё я гэта збіраў? І дзед мой збіраў, і я. Я ад яго і пераняў гэта ўсё.

Трэцяга лістапада, у Дзень Святога Губерта, музей Януша Парулiса будзе адзначаць шэсць гадоў свайго існавання. Вялікае інтэрвю са стваральнікам музея прагучыць сёння ўвечары ў аўтарскай праграме Яны Запольскай “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя