Музей гісторыі Магілёва патрабуе адстаўкі Лукашэнкі
Музей гісторыі Магілёва патрабуе адстаўкі Лукашэнкі і гатовы абвесціць забастоўку. Пра гэта калектыў музея гаворыць у адкрытым звароце да беларусаў, органаў выканаўчай і заканадаўчай улады.
У звароце гаворыцца наступнае:
„Мы, работнікі установы культуры „Музей гісторыі Магілёва”, выказваем сваю салідарнасць з мірнымі пратэстоўцамі па ўсёй краіне, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. У нас няма даверу да цяперашняй улады, мы не прызнаем вынікі выбараў прэзідэнта, праведзеных з шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі.
Асуджаем агрэсію і абсалютна нічым не матываваную жорсткасць з боку прадстаўнікоў сілавых структур у дачынені мірна пратэстуючых грамадзян, асабліва дзяцей, дзяўчат і жанчын. Дакладна ведамыя шматлікія факты траўмавання, збіцця, запалохвання пратэстоўцаў і затрыманых грамадзян. Сярод пацярпелых ёсць дзеці. Грамадзяне не адчуваюць сябе ў бяспецы. На жаль, ёсць і смяротныя зыходы.
Карыстаючыся сваім законным правам, мы вылучаем наступныя патрабаванні:
адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
спыненне гвалту і пераследу з боку сілавых структур на адрас мірных грамадзян;
расследаванне ўсіх выпадкаў гвалту над мірнымі грамадзянамі і прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых;
вызваленне ўсіх палітвязняў і затрыманых цягам гэтай выбарчай кампаніі і мірных акцый пратэсту грамадзян;
правядзенне новых, сумленных і празрыстых выбараў з допускам міжнародных і незалежных назіральнікаў і празрыстым падлікам галасоў.
Як работнікі установы культуры мы заклікаем іншыя ўстановы галіны, усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь падтрымаць нас і нашы патрабаванні. У разе невыканання нашых патрабаванняў ў 10-дзённы тэрмін мы, работнікі ўстановы культуры „Музей гісторыі Магілёва”, у адпаведнасці з артыкулам 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь скарыстаемся сваім законным правам на забастоўку для выяўлення занепакоенасці і абароны нашых інтарэсаў.
Беларускае Радыё Рацыя