Мужа і жонку Крупенічаў, прызнаных палітвязнямі, вызвалілі з-пад арышту
Адпушчаныя на волю Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч.
Мужа і жонку дзевяць разоў арыштоўвалі за рэпосты ў асабістай перапісцы паведамленняў з тэлеграм-каналаў, прызнаных уладамі Беларусі экстрэмісцкімі. Пара пакінула Беларусь, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Мужа і жонку затрымалі ў сярэдзіне ліпеня і дзевяць разоў судзілі паводле арт. 19.11 КоАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), караючы арыштам ад 10 да 15 дзён. Суддзі неаднаразова адмаўлялі адвакатам у тым, каб аб’яднаць пратаколы за розныя рэпосты ў адзін. Таму за кожную навіну з „экстрэмісцкіх” каналаў, знойдзеную ў тэлефоне Анастасіі, мужа і жонку судзілі асобна адразу пасля завяршэння чарговага арышту.
Апошняе рашэнне аб арышце мужа і жонкі на 15 сутак суд Ленінскага раёна прыняў 5 лістапада. Агульны тэрмін арышту склаў 126 сутак для Анастасіі і 127 — для Сяргея. Нягледзячы на чарговую пастанову аб арышце, вечарам 5 лістапада пасля суда пару адпусцілі на волю без тлумачэння прычын. „Яны ў хуткім часе пакінулі Беларусь. Цяпер яны ў бяспецы”, — паведамілі праваабаронцы.
Раней беларускія праваабаронцы прызналі Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча палітвязнямі.