Мужа і жонку за перапіску сёмы раз пакаралі арыштамі
Сужэнцам Сяргею Крупенічу і Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай суд Ленінскага раёна Менска даў чарговыя суткі арышту да ўжо адседжаных. Мужу — 15, жонцы — 14. Такім чынам, за кратамі яны адбудуць 99 і 98 дзён адпаведна.
Сяргея і Анастасію затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. Ад таго часу іх ужо сем разоў судзілі паводле артыкула «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Муж і жонка перасылалі адзін аднаму паведамленні з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызналі экстрэмісцкімі. Сяргею 26 гадоў, ён працаваў android-распрацоўнікам. Анастасія ў турме адзначыла 27-годдзе, яна настаўніца расейскай мовы і літаратуры. Цяпер абое знаходзяцца ў турме на Акрэсціна.
Беларускае Радыё Рацыя
