Мужчына, які патлумачыў любоў да БЧБ памідорамі са смятанай – альпініст з подпісам за сумленныя выбары
18 лістапада ў байнэце распаўсюдзіўся ўрывак відэа, якое відавочна задумвалася сілавікамі як пакаяннае. Героем відэа стаў інжынер Анатоль Шаўковіч, якога затрымалі 11 лістапада – у дзень, калі яму споўнілася 65 гадоў – і ўжо далі 15 сутак арышту. Сістэма абвінаваціла Шаўковіча ў «вырабе і размяшчэнні на дрэвах пратэстнай сімволікі» – бел-чырвона-белых сцягаў са звычайных пакетаў. У працэсе запісу прызнання ў тым, што мужчына сапраўды развешваў гэтыя пакеты ў роднай Курасоўшчыне, ён патлумачыў сваю любоў да спалучэння белага і чырвонага колераў праз руды колер валасоў жонкі і памідоры са смятанай. 12-секундны ўрывак з такой арыгінальнай аргументацыяй і стаў вірусным.
Як аказалася, Шаўковіч даўно прывык да няпростых абставінаў вакол – ён шмат гадоў займаецца альпінізмам. Адкрытыя базы сведчаць, што з 1982-га па 2013-ы Анатоль здзейсніў 119 узыходжанняў на вяршыні ад 3000 метраў. Таксама мужчына быў інструктарам у менскім альпінісцкім клубе «Надзір». Пра яго знайшліся ўдзячныя гісторыі ад калег па цэху – адна з удзельніц узыходжанняў наогул напісала, што Шаўковіч аднойчы выратаваў ёй жыццё.
«А яшчэ неяк мы зладзілі начлег на ледніку без намёта і спальніка. Гэта была самая доўгая ноч у маім жыцці, мусіць. І самая смешная. Бо Міхалыч жартаваў. Пачуццё гумару і самавалоданне не пакідае яго нават у самых крытычных сітуацыях. Гэта не проста „памідоры са смятанай”, а Анатоль Міхайлавіч Шаўковіч. Чалавек мужны, добры і адважны», – напісала дзяўчына. Адвакат Міхась Кірылюк адгукнуўся так: «Чалавек жывога розуму і добрага сэрца. Калі моладзь гнала ў гарах на хуткасць і кураж, ён жартаваў: „Альпіністы бываюць смелыя і старыя”.
Стаўленне Шаўковіча да таго, што адбываецца ў Беларусі, ясна. Як член прэзідыума федэрацыі альпінізму Беларусі ён падпісаў ліст за сумленныя выбары, а ў сваіх сацсетках даўно рэагуе на падзеі ў краіне.