Мужчыну прыгаварылі да двух гадоў за абразу Вольгі Чамаданавай



43-гадовы Дзмітрый Ушацкі прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу за абразу ў тэлеграм-канале прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай. Такое рашэнне прыняла 26 студзеня суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Таццяна Акавітая, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Ушацкі прызнаны вінаватым згодна з артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).

„На суд з’явілася сама пацярпелая і патлумачыла, якія маральныя пакуты ёй былі прычыненыя абразай абвінавачанага ў чаце „Банда Лукі”, якія яна ацаніла ў пяць тысяч рублёў. Сам каментар у судзе агучаны не быў, але вядома, што ён быў „у непрыстойнай грубай нецэнзурнай форме пра пасаду і зоркі”, — піша spring96.org. У якасці сведкі ў судзе таксама была дапытаная афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.

Згодна з абвінавачваннем, раніцай 18 чэрвеня Ушацкі размясціў „па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь”, у тэлеграм-чаце пад фатаздымкам Чамаданавай абразлівае паведамленне з мэтай „адпомсціць за яе афіцыйны каментар пра ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна”. Абвінавачванне палічыла, што гэтае паведамленне „прыніжае гонар і годнасць Чамаданавай, прычыняе ёй маральныя пакуты, падрывае яе аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў у цэлым”.

На судзе Ушацкі прызнаў віну цалкам, раскаяўся і папрасіў прабачэння ў Чамаданавай. „Мэты абразы Вольгі Чамаданавай у мяне не было, — сказаў ён. — У мяне былі эмоцыі і не зусім адэкватны стан (Ушацкага пакусалі пчолы. — БелаПАН.). Я не хацеў яе абразіць, не думаў, што яна прачытае паведамленне ў гэтай групе. Калі я пісаў гэты каментар, я не меркаваў, што афіцыйная асоба МУС будзе карыстацца такой групай. Я прызнаю сваю віну ў тым, што я размясціў такі каментар і што ў ім утрымліваліся абразлівыя словы ў адрас Чамаданавай, што я зрабіў паведамленне ў публічнай сетцы, да якой можа мець доступ любы карыстальнік Тэлеграма”.

Паводле яго слоў, прычынай напісання абразлівага паведамлення стаў каментар Чамаданавай па справе блогера Сяргея Ціханоўскага. „Мяне гэта абурыла. Абурылі абставіны затрымання Ціханоўскага. У мяне было меркаванне, што яго затрымалі тады не зусім карэктна, скажам так. У дачыненні да яго былі здзейсненыя нейкія правакацыйныя дзеянні з боку грамадзянскай асобы. Яна потым была апазнаная як жанчына лёгкіх паводзін, якая ўдзельнічала ў правакацыі”, — патлумачыў Ушацкі.

На судзе Ушацкі заявіў, што яго каментар не быў зроблены „па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці”. „Я не ўдзельнічаў у перадвыбарнай кампаніі, не падпісваўся за Ціханоўскага. На выбарах я не галасаваў, — сказаў ён. — Каментар быў звязаны толькі з затрыманнем Ціханоўскага. І тое, што я нібыта пакінуў каментар пад каментаром пра ўтрыманне на Акрэсціна — таксама не адпавядае рэчаіснасці. Я ніколі не быў там, не прыцягваўся [па артыкуле] 23.34 і не ўдзельнічаў у гэтых мерапрыемствах”.

У сваю чаргу Чамаданава распавяла, што ўбачыла каментар раніцай 18 чэрвеня. На той момант яна ведала пра існаванне тэлеграм-чата, у якім Ушацкі пакінуў каментар, але не была падпісаная на яго. Чамаданава патлумачыла, што супрацоўнікі МУС ажыццяўляюць маніторынг інтэрнэту, а скрыншот з каментаром Ушацкага ёй даслала Ганусевіч.

„Такое паведамленне я атрымала ўпершыню за перыяд маёй службы на пасадзе начальніка ўпраўлення інфармацыі (з 29 снежня 2018 года. — БелаПАН.), — прыводзіць словы Чамаданавай сайт spring96.org. — Раней падобных паведамленняў мне ніхто не дасылаў і не перасылаў, таму для мяне, вядома, такое паведамленне выклікала не проста абразу асабіста мяне, а ў цэлым — і службы, і ведамства. Я б сказала, гэта пэўны замах на аўтарытэт праваахоўных органаў, асабліва на мой. Абразлівым, напэўна, было больш тое, што чалавек, які пакідае такі каментар, — гэта абсалютна невядомы для мяне чалавек, і не мае права рабіць нейкія заключэнні, думкі публічна адлюстроўваць. Гэтае паведамленне прынізіла мае гонар і годнасць. Вельмі адбілася, у прынцыпе, на маёй працы на працягу некаторага перыяду часу. На працягу тыдня як мінімум гэта дакладна адбілася”.

Паводле слоў Чамаданавай, інцыдэнт паўплываў і на стан яе здароўя. „Бальнічны ліст адкрываць не варта было, але, тым не менш, пэўны дыскамфорт, на агульны стан здароўя гэта сапраўды паўплывала, — сказала яна. — Акрамя гэтага, вы разумееце, што інфармацыя, размешчаная публічна, становіцца здабыткам не толькі тых, хто маніторыць гэтую інфармацыю, але і шэрагу іншых людзей, якія цябе ўжо ведаюць і ў якіх пэўнае стаўленне да цябе і як да чалавека, і як да кіраўніка. Вядома, гэта такі сур’ёзны ўдар па рэпутацыі ў тым ліку”.

Чамаданава таксама заявіла, што ёй давялося прымаць супакаяльныя прэпараты.

Яна заявіла грамадзянскі іск аб прычыненні маральных пакут на пяць тысяч рублёў і прасіла пакараць абвінавачанага, як вырашыць суд. Ушацкі іск прызнаў часткова: гатовы пакрыць тры тысячы рублёў.

Падчас спрэчак пракурор выключыў з абвінавачванняў Ушацкага „матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь”. Абвінавачванне запытала пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову папраўчага тыпу.

Суддзя Акавітая прызначыла менавіта такое пакаранне і абавязала Ушацкага выплаціць Чамаданавай пяць тысяч рублёў за прычыненне маральнай шкоды.

У каментары БелаПАН Чамаданава паведаміла, што гэтыя сродкі накіруе „на аказанне дапамогі дзецям-інвалідам, якія пражываюць у сем’ях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

belapan.by