Мужчыну прысудзілі тры гады „хіміі” за SMS-паведамленне



Суд Цэнтральнага раёна Менска 10 сакавіка прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу жыхара сталіцы Алега Зубрыцкага. Яго абвінавацілі паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса ў гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org

Зубрыцкага асудзілі за SMS-паведамленне з пагрозамі, адпраўленае 14 жніўня жонцы супрацоўніка АМАП. Мужчына сцвярджае, што паведамленне ён не адпраўляў.

Справу разгледзела суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца — Арцём Цвяткоў.

Спачатку крымінальная справа ў дачыненні да Зубрыцкага будавалася на паведамленні, адпраўленым праз месенджар Viber 12 жніўня 2020 года. Пасля таго як Зубрыцкі даказаў, што яго тэлефонны нумар не зарэгістраваны ў Viber, абвінавачанне змянілі: яму паставілі ў віну адпраўку SMS-паведамлення з пагрозамі жонцы супрацоўніка АМАП, датаванае 14 жніўня.

У матэрыялах крымінальнай справы фігуруе скрыншот SMS-паведамлення ад 14 жніўня — але ён, на думку Зубрыцкага, з’яўляецца спрэчным з некалькіх прычын. Па-першае, калі з моманту дастаўкі SMS-паведамлення прайшоў адзін дзень, яно адлюстроўваецца ў тэлефоне з подпісам даты яго адпраўкі — у гэтым выпадку „14 жніўня, 09:27”. Аднак на скрыншоце, які лёг у матэрыялы справы і быў зроблены ўжо пасля 14 жніўня, бачны надпіс „Сёння”. Па-другое, на скрыншоце SMS-паведамлення павінна быць бачная ўся гісторыя ўзаемадзеяння абанентаў. Паколькі Зубрыцкі ў жніўні спрабаваў патэлефанаваць жонцы супрацоўніка АМАП, але яе тэлефон быў недаступны, ёй прыйшло аўтаматычнае паведамленне аб прапушчаным званку. Гэтыя дзеянні (званок і аўтаматычнае паведамленне) павінны былі быць бачныя на скрыншоце, але іх там няма, адзначыў абвінавачаны.

Правесці экспертызу мабільнага тэлефона пацярпелай не ўдалося: яна паведаміла, што неспадзявана разбіла яго, а затым ён быў прададзены на запчасткі. Экспертыза тэлефона Зубрыцкага, паводле слоў абвінавачанага, паказала, што паведамлення ў ім не было.

Пацярпелая падала іск аб кампенсацыі маральнай шкоды 2.500 рублёў, таму што „зведала шок і стрэс”. Абарона Зубрыцкага падчас судовых спрэчак адзначыла, што маральныя пакуты пацярпелай маглі залежаць ад шэрагу паведамленняў, бо ў жніўні пацярпелай пісалі мноства людзей.

Дзяржабвінаваўца ў спрэчках 9 сакавіка адзначыў, што акалічнасцю, якая абцяжвае віну Зубрыцкага, з’яўляецца „здзяйсненне злачынства паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці”.

Абвінавачаны віны не прызнаў. „Я не пісаў ні праз Viber, ні праз SMS ніякіх пагроз. У мяне няма ніякай палітычнай варожасці, я палітыкай наогул не цікаўлюся”, — заявіў Зубрыцкі. Прысуд ён плануе абскардзіць.

БелаПАН