Мужчыну з Кобрынскага раёна двойчы пакаралі за рэпост



Інвалід 2 групы з Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук за рэпост інфармацыі з тэлеграм-канала NEXTA, зроблены непаўнагадовай дачкой на яго тэлефоне, пакараны Кобрынскім судом двойчы.

Назваць такія дзеянні міліцыі і судовых органаў неправавымі – гэта сказаць мякка, лічыць Аляксандр Краўчук:

– Мяне затрымалі ў цэнтры горада Кобрына. Участковы Уладзімір Брыштэль склаў на мяне пратакол па артыкулу 23.34 за быццам бы зроблены рэпост з-за забароненага канала, а таксама канфіскаваў мой тэлефон.

Суддзя Кобрынскага суда Таццяна Каберская пакарала Краўчука штрафам у 12 базавых велічынь. Але гэтага пакарання міліцыянтам падалося замала і справа закруцілася па-новаму за распаўсюд экстрэмісцкіх матэр’ялаў. Хаця рэпост быў зроблены за 10 дзён да прызнання тэлеграм-канала NEXTA экстрэмісцкім. Суддзя Вадзім Здановіч не прыслухаўся да довадаў адвакаткі, гаворыць Аляксандр Краўчук:

– За адно парушэнне два пратаколы на агульную суму 52 базавых велічыні, плюс канфіскацыя тэлефона.

Паводле Краўчука, гэта адназначна пераслед за яго актыўную грамадскую пазіцыю, абарону сваіх правоў і дапамогу аднадумцам таксама ў абароне сваіх правоў.

Беларускае Радыё Рацыя