Мужчыны ва ўзросце 45-50 гадоў – у групе рызыкі па суіцыдах



Напярэдадні Сусветнага дня псіхічнага здароўя, які штогод прыпадае на 10 кастрычніка, у Пінску адбыўся абласны семінар псіхолагаў. Эксперты гутарылі пра самагубствы ў Беларусі.

Выявілася, што ў краіне ў групе максімальнай рызыкі суіцыду знаходзяцца мужчыны ва ўзросце 45-50 гадоў. На гэтую катэгорыю выпадае амаль 70% самагубстваў.

Суіцыду заўжды папярэднічае дэпрэсія. Яна можа быць пад кантрольнай і стыхійнай, – гаворыць псіхолаг Кацярына Ляшкевіч:

– Межы, напэўна, у тым, калі мы крытычныя да сябе. Вы разумееце, напрыклад, што паніжаны настрой, дзеяздольнасць, мысленне, звязаныя з перагрузкамі на працы, згубай блізкага чалавека. То бок вы гэта ўсведамляеце і разумееце, і з часам яно праходзіць. А калі ўжо зацягвае, калі чалавек звужае круг сваіх зносін, не паспявае на працы, яму нічога не трэба, у яго апатыя, ён пастаянна ляжыць, адбываецца зніжэнне апетыту, масы цела – вось тады гэта ўжо трывожны сігнал.

Суразмоўца адзначае, што ў Беларусі самагубства знаходзіцца ў лідарах чыннікаў смерці. Штогод ад суіцыдаў гіне ў два разы больш грамадзян, чым у выніку дарожных аварый. Летась добраахвотна пакінула жыццё каля 1,5 тысячы жыхароў краіны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: bbc.com