Музыкант і этнограф Аляксей Крукоўскі арыштаваны на 11 сутак
Суд Цэнтральнага раёна Менска прыгаварыў музыканта і этнографа Аляксея Крукоўскага да 11 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе тэлеграм-канал „Спісы затрыманых”.
Крукоўскага судзілі на падставе ч. 1 арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Рашэнне вынесла суддзя Вікторыя Шабуня.
Музыкант быў затрыманы 26 красавіка недалёка ад дома.
Нягледзячы на адсутнасць акцый пратэсту, вечарам 26 красавіка ў Менску было затрымана каля двух дзясяткаў чалавек. Праваабаронцы паведамілі, што затрыманні адбываліся ў раёне вуліцы Арлоўскай, дзе ў апошнія гады звычайна заканчваўся „Чарнобыльскі шлях”. Пасля 17-й гадзіны ў гэтым раёне супрацоўнікі міліцыі пачалі спыняць прахожых, правяраць змесціва іх сумак і заплечнікаў.
Традыцыйная акцыя ў гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС сёлета была забароненая ўладамі. У Менску была заўважаная вялікая колькасць спецтэхнікі.