МВФ палепшыў прагноз для беларускай эканомікі
У 2018 годзе рост ВУП у Беларусі можа скласці 2,8%. Такі прагноз Міжнароднага валютнага фонду прыводзіцца ў красавіцкай справаздачы World Economic Outlook.
Гэты прагноз лепшы за папярэдні: у кастрычніку 2017 года ў аналагічнай справаздачы эксперты МВФ чакалі рост беларускай эканомікі ў гэтым годзе толькі на 0,7%.
Згодна з апошняй ацэнкай аналітыкаў фонду, у 2019 годзе ВУП у Беларусі вырасце на 2,4%.
МВФ таксама скарэктаваў прагноз па інфляцыі ў краіне. Цяпер чакаецца, што яна ў 2018 годзе не перавысіць 6%. Раней эксперты фонду меркавалі, што рост спажывецкіх цэн у гэтым годзе складзе 8%.
Інфляцыя ў Беларусі за тры месяцы з пачатку года склала 2,5%. Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год спажывецкія цэны павінны павялічыцца не больш чым на 6%.
Паводле прагнозу ўладаў, прырост ВУП Беларусі ў 2018 годзе складзе не менш за 3,5%. БелаПАН