„Мы не хочам, каб да расейскіх і ўкраінскіх ахвяраў далучыліся яшчэ беларусы”



Субота прайшла з акцэнтам на Беларусь. Гэта канстатаваў у эфіры Рацыі старшыня польскай суполкі ва ўкраінскім Луцку Валенты Вакулюк. З ім размаўляў наш карэспандэнт Міхал Андрасюк.

РР: Як у вас прайшоў гэты месяц?

Валенты Вакулюк: Дужа непрыемна, што пачалі пускаць ракеты з раёна Берасця. Але сёння дзень прайшоў на адным такім акцэнце – вельмі дрэнна, што ў Мікалаеве падчас удару 29 сакавіка сёння знайшлі пад заваламі 35 людзей, знайшлі супрацоўніцу адміністрацыі, беларуску, Таццяну Дзяменнікаву, якая была голасам Радзімы Таварыства беларусаў. І гэта паказвае на інтэрнацыянальныя ахвяры.

І ёсць вельмі прыемная інфармацыя – батальён імя Кастуся Каліноўскага, які створаны беларусамі, у складзе ЗСУ вельмі разрастаецца. І гэта вельмі прыемная навіна, і ўсе кажуць, што гэта шлях для беларускай арміі, якая пяройдзе мяжу, куды далучацца. Будзем вітаць братоў-беларусаў у нашых шэрагах.

РР: Так ёсць, што з аднаго боку на Украіну з Беларусі ляцяць ракеты, а з іншага – звычайныя беларусы змагаюцца на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі. Ці энтузіястычнае зараз стаўленне да беларусаў?

Валенты Вакулюк: Я хачу зазначыць, што мы адрозніваем звычайных беларусаў і лукашэнкаўскі рэжым. Мы не можам мець да беларускага народа прэтэнзій, бо яны ў зоне расейскай акупацыі. Што можна патрабаваць ад людзей пад акупацыяй?

Вось сёння выйшла шмат украінцаў на мірны мітынг, якія пратэстуюць супраць расейскай акупацыі, іх разагналі, пачалі страляць, ёсць ахвяры. Але, што тычыцца стасункаў з Беларуссю, мы не хочам ваяваць з Беларуссю. Але людзі ў нас вельмі злыя. Яны проста кажуць: калі беларусы не могуць навесці парадак у сябе ў краіне, калі не могуць вырвацца з расейскай акупацыі, значыць яны стаяць на баку Пуціна.

Мы не хочам, каб да расейскіх і ўкраінскіх ахвяраў далучыліся яшчэ беларусы. Для нас беларусы не ворагі, мы – суседзі, мы павязаныя роднымі, кроўнай сувяззю. І я не ведаю, як гэта будзе доўга, але калі прыйдуць,будзем ваяваць. Зараз няма рацыянальнага мыслення, ідзе выразны рахунак – выжывем ці не выжывем. Аўтаматычна, кожны, хто будзе на баку Расеі вораг. Гэта непрыемна, канешне, агучваць, але такая ў нас пазіцыя.

РР: А як жывуць людзі ў Луцку? На захадзе Украіны нібыта крыху спакайней? Хоць далятаюць і туды ракеты.

Валенты Вакулюк: Так. Нават маем такую тэндэнцыю атрымліваць падарункі з-пад Берасця. Там расейцы паставілі свае комплексы і бамбардуюць. Але Луцк пакуль, у адрозненне ад некаторых разбамбаваных гарадоў, такога не адчувае. Мы дапамагаем бежанцам, якія едуць у Еўропу, некаторыя застаюцца тут.

Луцк украінамоўны. Я выйшаў нядаўна ў горад, і фактычна вакол расейская мова. Гэта прадстаўнікі Харкаўшчыны, Мікалаева, усе з тых раёнаў, якія зараз пад акупацыяй, дзе вядуцца ваенныя дзеянні.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя