„Мядовы спас” прайшоў у Глыбокім



Свята-кірмаш «Мядовы спас» прайшло на цэнтральнай плошчы Глыбокага. На ім быў прадстаўлены свежы ўраджай мёду, іншая прадукцыя пчалаводаў, зёлкі, бальзамы, гарбата. Сёлета ўраджай мёду на Глыбоччыне добры, для пакупнікоў быў багаты выбар. Некаторыя нават губляліся, які мёд лепш набыць.

Пчаляр Антон з 25-гадовым стажам назваў некалькі крытэрыяў, па якіх можна вызначыць якасць мёду:

– Калі ён спелы, то абраць добры мёд ёсць шмат спосабаў. Вось капнуць каплю на руку, калі ён не расцякаецца, значыць ён спелы, капля трымаецца. Калі ўзяць лыжку і памачыць яе ў мёд, падняць – ён сцякае, а потым гэтая капля павінна вяртацца зноў да лыжкі. Можна і хімічным алоўкам праверыць якасць мёду, але ж з сабой аловак заўжды насіць не будзеш, ды і зараз яго складана набыць. І яшчэ важны крытэр – калі мёд непадроблены, то мухі да яго не лезуць, калі там няма цукру. Ёсць выказванне: лятуць, як мухі на мёд. Няпраўда гэта, мухі на мёд не лятуць, толькі калі ён з цукровым сіропамі, то тады так – мухі палезуць.

Падчас свята ў Глыбокім адбылося тэатралізаванае прадстаўленне, выстава-кірмаш прац народных майстроў і рамеснікаў, літаратурная выстава. А таксама працавалі дзіцячая і моладзевая тэматычныя пляцоўкі, фотазона, адбыўся канцэрт «Мядовае асарці».

Таццяна Смоткіна