Мянчук сабраў у гаражы электрамабіль



Мянчук сабраў у гаражы сучасны аўтамабіль, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТВ. На распрацоўку інавацыйнага праекта пайшло два гады, а зараз вынаходнік думае, як удасканаліць машыну. Бо менавіта за такімі распрацоўкамі ўжо не толькі будучыня, а сучаснасць, упэўнены аўтамеханік.

Гэта першы і пакуль адзіны электрамабіль у Беларусі, сабраны сваімі рукамі. Кампактны і манеўраны. Без падзарадкі ён можа пераадолець больш за сотню кіламетраў. А папоўніць недахоп энергіі можна практычна ад любой разеткі.

Беларускі Нікола Тэсла стварыў прататып электракара прыкладна за 2 гады. Кажа, адразу ў яго ідэю не верыў ніхто, а зараз ад жадаючых пратэставаць цуд тэхнікі проста няма адбою.

Вонкава электрамабіль практычна нічым не адрозніваецца ад звычайнага, хіба што няма выхлапной трубы. Але самае цікавае ўтоена ўнутры. Машына едзе практычна бясшумна і здольная разганяцца да 60 кіламетраў у гадзіну літаральна за 5 секунд.

Вынаходнік падкрэслівае, ён толькі на шляху да дасканаласці. Ды і галоўнае для Сяргея – не знешні выгляд аўто, а яго практычнасць. Да прыкладу, тут два багажнікі. Пасля дапрацоўкі з’явіцца і рэкуперацыя. Але ўжо зараз аўтамабіль цалкам апраўдаў чаканні майстра.