Мянчук вёз праз мяжу $50 тысяч у каробцы з-пад цукерак



57-гадовы грамадзянін Беларусі спрабаваў незаконна ўвезці з Украіны буйную суму валюты, якую схаваў ад мытнага кантролю ў каробцы з-пад цукерак. Спробу парушэння заканадаўства спынілі гомельскія мытнікі ў пункце мытнага афармлення „Новая Рудня”.

Як паведамляе Гомельская мытня, жыхар Менска, які ехаў з Украіны на аўтамабілі Honda CR-V, перасякаў мяжу па зялёным калідоры, аднак пры правядзенні мытнага кантролю сярод асабістых рэчаў у яго было выяўлена 50 тысяч даляраў ЗША. Гэта ў пяць разоў больш за суму, якая не падлягае пісьмоваму дэклараванню пры перамяшчэнні праз мяжу.

Грошы ў менчука канфіскаваныя, у працэсе разбору яму могуць вярнуць 10 тысяч даляраў, якія не падлягаюць абавязковаму дэклараванню.

Усталяваць крыніцу атрымання валюты і прычыну яе недэкларавання з растлумачэнняў менчука не ўдалося, удакладнілі ў мытні, дадаўшы, што ў дзеяннях жыхара сталіцы бачныя прыкметы злачынства згодна з ч. 2 арт. 228 КК (кантрабанда), за што прадугледжаны штраф, або абмежаванне волі ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Паводле БелаПАН

Фота Гомельскай мытні