Мясніковіч абяцаў разабрацца, чаму журналістам Радыё Рацыя не даюць акрэдытацыі



Сустрэча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці завяршыла афіцыйны візіт Міхаіла Мясніковіча ў Польшчу. Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі выступіў з прамовай, падчас якой падкрэсліў, што беларусы Падляшша могуць разлічваць на дапамогу ў розных напрамках.

Падчас самой сустрэчы акрамя некалькіх выступаў і невялікага канцэрту не было магчымасці задаць пытанні або выступіць з прапановай. Не прадугледжваўся і выхад да прэсы. Аднак нам удалося задаць адно пытанне, якое тычылася ўмоваў працы нашага радыё ў Беларусі.

Міхаіл Мясніковіч:

– Я разгледжу гэтае пытанне і думаю, што мы знойдзем рашэнне.

РР: Вы абяцаеце падняць гэтае пытанне?

– Я не ведаў, што яно ёсць – такое пытанне.

РР: Ёсць. Мы б хацелі мець акрэдытацыю і магчымасць, каб нашыя журналісты асвятлялі падзеі ў Беларусі ў тым ліку і для беларусаў на Падляшшы.

– Трэба ліст якісьці мне дадаць, каб я разгледзеў яго. Зрабіце да мяне зварот і праз консула ці пасольства перадайце мне, я разгледжу.

Беларускае Радыё Рацыя таксама як і тэлеканал “Белсат” не атрымліваюць дазволу на легальную дзейнасць ад беларускага МЗСу. У той самы дзень, калі адбывалася сустрэча Міхаіла Мясніковіча з прадстаўнікамі нацменшасці ў Беластоку, рэдактар сайту Хартыя-97 Наталля Радзіна паведаміла пра істотнае скарачэнне фінансавання буйнога незалежнага рэсурсу з польскага боку, а ў Менску завяршыўся чарговы дзень судовага працэсу над галоўным рэдактарам парталу Tut.by Марынай Золатавай.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара