Мястэчка Адэльск адзначае сваё 525-годдзе
У мястэчку Адэльск 13 чэрвеня з нагоды 525-годдзя заснавання пройдуць урачыстасці, прысвечаныя юбілейнай даце. У гэты дзень тут будзе ўсталяваны адмысловы памятны знак – камень з выбітым на ім гербам мястэчка, якім з’яўляецца выява Святога Антонія. На працягу дня будзе працаваць кірмаш, пройдуць канцэрты, майстар-класы па ганчарству і кавальству, дэгустацыя страваў мясцовай кухні. Пачнецца свята а 12-й гадзіне Святой імшой у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліць ураджэнец Адэльска – Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На думку начальніка аддзела ідэадагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага райвыканкама Наталлі Рамановіч, Адэльск паступова становіцца адным з культурных цэнтраў раёна і гэта не можа не радаваць:
– У нас заўсёды адбываюцца канцэрты, у нас ёсць свая пляцоўка, адбываюцца выставы народнай творчасці, адбываюцца фестывалі, святы. То бок тое, што датычыцца нашага боку работы, – мы працуем.
Першыя пісьмовыя ўзгадкі аб Адэльску датуюцца 15 стагоддзем. Першы касцёл быў пабудаваны ў 1490 годзе. У 1546 каралева Бона Сфорца дала мястэчку прывілеі на правядзенне кірмашоў і частковае вызваленне ад падаткаў. Сёння Адэльск мае статус аграгарадка і з’яўляецца цэнтрам сельскага савета.
Беларускае Радыё Рацыя