Мясціны, дзе можна ўшанаваць Кастуся Каліноўскага
2 лютага – дзень нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. У гэтым матэрыяле пастараемся прыпомніць мясціны, дзе знаходзяцца помнікі, шыльды ці іншыя аб’екты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю кіраўніка вызвольнага паўстанння.
2 кастрычніка 2015 году ў Мастаўлянах (Беласточчына), у мясціне, дзе нарадзіўся змагар, быў адкрыты помнік Кастусю Каліноўскаму (аўтар помніка Януш Талуць).
Помнік у Мастаўлянах, фота з архіву Беларускага Радыё Рацыя
Наступнае месца, звязанае з жыццём Кастуся Каліноўскага – гэта колішні родавы фальварак Якушоўка, што ў Свіслацкім раёне. Тут размешчана ажно некалькі памятных знакаў.
Памятны камень з шыльдай у Якушоўцы, усталяваны ў савецкі час
Падмуркі былога сядзібнага дому, раскапаныя ў 1987 годзе археалагічнай экспедыцыяй Міхася Ткачова, закансерваваныя ў канцы 1980-ых
Памятны крыж у Якушоўцы, усталяваны ў сярэдзіне 1990-ых грамадскасцю
Інфармацыйны стэнд у Якушоўцы, усталяваны ў 2000-ых уладамі
Шэраг аб’ектаў, звязаных з Кастусём Каліноўскім, знаходзіцца у раённым цэнтры Свіслач.
Помнік-бюст працы скульптара Заіра Азгура, усталяваны ў цэнтры Свіслачы ў савецкі час
Цяперашні выгляд помніка
А гэтага помніка, які быў ўсталяваны ў канцы 1990-ых на так званай Алеі герояў у Свіслачы, зараз не існуе, ён быў зроблены з танных матэрыялаў і папросту рассыпаўся
Памятная шыльда на будынку былой Свіслацкай гімназіі
З Вільняй звязаны апошні перыяд жыцця Кастуся Каліноўскага. Тут ёсць некалькі памятных мясцінаў
Памятныя крыж і знак на Лукішскім пляцы, дзе Каліноўскага пакаралі смерцю
Знічкі і кветкі ля падножжа гары Гедыміна, дзе, як мяркуецца, была магіла Кастуся Каліноўскага
Шыльда на віленскай вуліцы Святога Ігната (Sv.Ignoto g 11), усталяваная Таварыствам Беларускай Культуры ў 1993 годзе
Яшчэ адзін помнік Каліноўскаму, бадай, сама прыгожы, знаходзіцца ў Салечніках (цяперашні Шальчынінкай).
Помнік у Салечніках працы скульптара Валер’яна Янушкевіча
У Менску на вуліцы імя Кастуся Каліноўскага ўсталявана адпаведная шыльда.
Шыльда ў Менску на будынку Менскага алімпійскага цэнтру алімпійскага рэзерву па барацьбе, адчынена ў ліпені 2013 году
На жаль поўнавартасных помнікаў нацыянальнаму герою Беларусі Кастусю Каліноўскаму ні ў сталіцы Менску, ні ў іншых беларускіх вялікіх гарадах дагэтуль няма.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара розных гадоў