Мясцовыя ўлады пачалі ціск на аўтара хіта “Я з вёскі”
У краіне стартавала перадвыбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў. З самага пачатку апазіцыя заяўляе аб парушэннях дэмакратычных працэдур. Так у пасёлку Акцябрскі, які на ўсю краіну праславіў хіт Ксеніі Дзягелькі, мясцовыя ўлады пачалі ціск на апазіцыйнага кандыдата.
“Улады дэманстратыўна заціскаюць кандыдатаў з вялікай падтрымкай,” – гаворыць старшыня Партыі АГП Анатоль Лябедзька:
– Ужо пайшоў ціск. Я маю на ўвазе Андрэя Павука, блогера з Акцябрскага, у якога забралі магчымасць працаваць. Ён – індывідуальны прадпрымальнік. У яго было сваё фотаатэлье, і зараз пасля яго заяў, што ён будзе ўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі і будзе часткай правацэнтрысцкага спіску, на яго пайшоў моцны накат.
“Чалавека фактычна паставілі перад фактам – ці выбары ці праца,” – зазначыў Анатоль Лябедзька.
Блогер Андрэй Павук з’яўляецца па сумяшчальніцтву былым мастацкім кіраўніком скандальнавядомай Ксеніі Дзягелькі. Хіт “Я з вёскі” набраў у 2012 годзе больш за мільён праглядаў на папулярным відэасэрвісе youtube.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org