Мяжу ў Чарнобыльскай зоне абсталююць відэакамерамі
Перад беларускімі памежнікамі пастаўленая задача ўмацаваць ахову дзяржаўнай мяжы па контуры Чарнобыльскай зоны. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў старшыня Памежнага камітэта Анатоль Лапо.
Па яго словах, на самай лініі мяжы існуе «вельмі вялікае заражэнне» і людзі туды хадзіць не павінны. «Мы зараз ахоўваем беспілотнікам, але ў далейшым плануем цалкам у так званай зоне адчужэння ўсталяваць камеры відэаназірання і стварыць цэнтр аператыўнага кіравання ў Хойніках», – падзяліўся ён планамі. Мяркуецца, што кантраляваць сітуацыю на ўчастку мяжы ў 370 кіламетраў будуць шэсць аператараў. Ужо абсталёўваюць будынак для іх працы. Арганізаваць такую працу плануецца ў бліжэйшыя два гады.
Неабходнасць такога кроку Лапо патлумачыў тым, што «негатыўныя элементы» парушаюць мяжу, не баючыся радыяцыі. Часцяком гэта адбываецца пад выглядам экстрэмальнага турызму ў Чарнобыльскую зону.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sputnik.by