Мытнікі будуць ажыццяўляць пагранічны кантроль у некалькіх пунктах пропуску



Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 495 „Аб аптымізацыі дзейнасці”, якім прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года мытныя органы ў пунктах пропуску, якiя вызначаюцца Саветам міністраў, будуць ажыццяўляць асобныя функцыі пагранічнікаў, у тым ліку пагранічны кантроль.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, пакуль гэта закране тры пункты пропуску — аўтадарожны „Казловічы” на мяжы з Польшчай, дзе перамяшчаецца толькі грузавы аўтатранспарт, а таксама два чыгуначныя — „Гудагай” на станцыі Маладзечна, што на мяжы з Літвой, і „Бігосава” на станцыі Полацк на мяжы з Латвіяй.

Гэтыя меры накіраваны на аптымізацыю дзейнасці мытных органаў і органаў пагранічнай службы ў пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу, укараненне прынцыпу „аднаго акна”, а таксама на скарачэнне часу праходжання кантрольных працэдур.

Вызваленыя супрацоўнікі органаў пагранічнай службы будуць накіраваныя для ўзмацнення аховы іншых участкаў мяжы, гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by